9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урад распавядзе, на што пойдуць «льготныя» грошы

Другое сёлета пасяджэнне Нацыянальнага Савета па працоўных і сацыяльных пытаннях (НСТСП) адбылося 1 лістапада. Вынікам стала абяцанне ўрада апублікаваць інфармацыю пра тое, куды пойдуць зэканомленыя пасля адмены ільгот грошы. Прадстаўнікі ўрада таксама пагадзіліся працягнуць абмеркаванне законапраекта «Аб прафсаюзах». Пра гэта www.praca-by.info паведаміў сябра НСТСП, лідэр Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Нагадаем, што рэгламент працы Савета быў парушаны. Пасяджэнні НСТСП павінны праходзіць не радзей за адзін раз у тры месяцы. Папярэдняе пасяджэнне прайшло 31 студзеня. Старшыня БКДП Аляксандр Ярашук яшчэ 7 верасня звярнуўся да ўсіх сустаршыняў Савета з прапановай у тэрміновым парадку правесці пасяджэнне і абмеркаваць узніклыя апошнім часам сур'ёзныя сацыяльна-эканамічныя праблемы – наступствы адмены ільгот і прыняцце новых законаў «Аб сацыяльным пенсійным страхаванні» і «Аб прафсаюзах». Адказу ён не атрымаў. 24 кастрычніка, на наступны дзень пасля таго, як Аляксандр Ярашук заявіў СМІ пра ігнараванне яго прапаноў, з'явілася інфармацыя, што кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік таксама занепакоены становішчам, якое стварылася.

Праз тыдзень адбылося пасяджэнне Савета. У парадку дня значыліся два пытанні – пра ход выканання Генеральнага пагаднення і пра законапраект «Аб прафсаюзах».

– Трэба думаць, сумесныя намаганні лідэраў абодвух прафцэнтраў не зніклі дарма, – гаворыць Аляксандр Ярашук. – Доўгачаканае пасяджэнне Нацыянальнага савета адбылося і прайшло ў цэлым канструктыўна. Пры разглядзе ходу выканання Генеральнага пагаднення ставіліся вострыя пытанні, якія займаюць розум шмат якіх грамадзян краіны. З боку прадстаўнікоў урада гучалі запэўненні, што зэканомленыя на адмене ільгот сродкі не пойдуць на іншыя мэты, а будуць пераразмеркаваныя праз адрасную падтрымку сярод тых, хто мае найбольш вострую патрэбу ў дапамозе. Дасягнутая дамоўленасць, што неўзабаве ўрад апублікуе ў сродках масавай інфармацыі, куды і як пераразмеркаваныя гэтыя рэсурсы.

Як паведаміў Аляксандр Ярашук, было шмат пытанняў па законапраекце «Аб прафсаюзах». І у асноўным задавалі іх прадстаўнікі БКДП.

– Ад таго, ці будзе прымацца гэты закон і ў якой рэдакцыі, залежыць сёння не толькі лёс прафсаюзнага руху краіны, найперш – незалежнага, але і характар будучых стасункаў урада з Міжнароднай арганізацыяй працы. Ад прыняцця гэтага дакумента наўпрост залежыць і лёс скасаваных для Беларусі прэферэнцый у гандлі з краінамі Еўрапейскага Звязу, – падкрэсліў лідэр БКДП.

Аляксандр Ярашук з шкадаваннем адзначыў, што пазіцыя ўрада ў дачыненні законапраекта «Аб прафсаюзах» не зведала за апошнія месяцы істотных змяненняў.

– Праект закона носіць адкрыта антыпрафсаюзны характар і значна ўскладняе ўмовы стварэння і дзейнасці ўсіх без выключэння прафсаюзаў у краіне, – упэўнены лідэр БКДП. – Сутнасць яго такая, што дакумент хутчэй варта назваць не праектам закона аб прафсаюзах, а праектам закона аб кантролі над прафсаюзамі. Ненармальна таксама, што лёсавызначальны для арганізацый працаўнікоў дакумент распрацоўваецца і абмяркоўваецца выключна ў службоўскім асяродку. Самі працаўнікі, якія маюць прамое дачыненне да закона, ад удзелу ў яго распрацоўцы і абмеркаванні адлучаныя.

Аляксандр Ярашук таксама паведаміў, што прадстаўнікі ўрада, якія адказвалі на прэтэнзіі прафсаюзаў, канстатавалі, што праца над дакументам яшчэ не завершаная. Яны паабяцалі, што дыскусія будзе працягнутая, у тым ліку і ў сценах НСТСП.

На прапанову першага віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі вырашанае правесці чарговае пасяджэнне Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях 15 снежня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках