Давядзецца трымаць адказ
- 6.11.2007, 14:35
Даклад аб працы ўрада Беларусі па выкананні рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) будзе разгледжаны 14 лістапада падчас пленарных пасяджэнняў Адміністрацыйнай рады МАП у Жэневе. Пра гэта БелаПАН паведаміў выканаўчы дырэктар Міжнароднага бюро працы (МБП) МАП Кары Тапіола.
Паводле яго слоў, у рамках абмеркавання беларускага пытання будзе таксама прадстаўленая справаздача МБП аб выкананні Беларуссю рэкамендацый МАП. Яна змяшчае ацэнкі прадстаўнікоў МБП сітуацыі ў краіне і прапановы па яе змяненні. К.Тапіола адзначыў, што высновы будуць зробленыя на падставе гэтых двух дакументаў.
Паводле інфармацыі прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Папова, узровень удзелу беларускай дэлегацыі ў пасяджэннях МАП удакладняецца, але ён будзе не ніжэйшым за міністэрскі.
Нагадаем, у 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП прыняла рашэнне аб пачатку расследавання ў дачыненні Беларусі ў сувязі з скаргай прафсаюзаў. Спецыяльная камісія аналізавала выконванне беларускім урадам канвенцый МАП "Аб свабодзе аб'яднання і абароне права на арганізацыю ў прафсаюзы" і "Аб праве на арганізацыю ў прафсаюзы і на вядзенне калектыўных перамоваў". Сітуацыя ў Беларусі разглядалася таксама на пасяджэнні Камітэта па нормах і стандартах МАП у рамках 95-ай Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіла ў Жэневе. У выніку 8 чэрвеня 2007 года Беларусь пятым разам была занесеная ў спецпараграф дакладу Міжнароднай канферэнцыі працы як краіна, дзе парушаюцца правы прафсаюзаў.