94% прадпрымальнікаў не падпарадкаваліся ўказу Лукашэнкі
12- 6.11.2007, 15:13
За пяць дзён да заканчэння тэрміна падачы дакументаў на перарэгістрацыю індывідуальных прадпрымальнікаў ва ўнітарныя прадпрыемствы на ільготных умовах рэгіструючыя органы фіксуюць падвышаны попыт. Эксперты жа адзначаюць, што гэтая тэндэнцыя апошніх тыдняў не зменіць агульную рэакцыю прадпрымальнікаў на палітыку ўлад – у большасці сваёй «іпэшнікі» праігнаруюць спробы пераводу ІП у юрасобы.
Як паведаміў «БДГ» галоўны спецыяліст упраўлення Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў міністэрства юстыцыі Аляксандр Бойка, паводле дадзеных на 1 лістапада за ўзгадненнем наймення прадпрыемства звярнуліся ўсяго 12,5 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, якія пажадалі зарэгістраваць ЧУП паводле палажэння Указу Прэзідэнта №302. Пры гэтым паводле дадзеных міністэрства эканомікі, на 1 кастрычніка 2007 года ў краіне былі зарэгістраваныя амаль 204 тысячы ІП.
Разам з тым, эксперты мяркуюць, што ў выніку юрасобы зарэгіструе не больш як 8% індывідуальных прадпрымальнікаў. У Беларускім саюзе прадпрымальнікаў іх колькасць ацэньваюць у 5,5% ад наяўнай цяпер колькасці прадпрымальнікаў.
Паводле дадзеных сябра працоўнай групы пры міністэрстве эканомікі А.Змітровіча, каля 94% ІП не будуць здзяйсняць пераход у ЧУП ні на якіх умовах і прыкладна 6% ІП, усё ж перайшоўшы ў ЧУП, цягам года ў лепшым выпадку змогуць выйсці на нулявы прыбытак у сувязі з выдатковым механізмам вядзення бізнэсу.