28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За спектаклем «Свабоднага тэатра» назірала міліцыя

Увечары 7 лістапада ў Менску прайшоў паказ спектакля "Свабоднага тэатра" "Быць Гаральдам Пінтэрам". Як адзначыў перад паказам мастацкі кіраўнік "Свабоднага тэатра" Мікалай Халезін, прэм'ера спектакля "Быць Гаральдам Пінтэрам" адбылася роўна год таму пад Менскам. Цягам года спектакль быў прадстаўлены ў шматлікіх краінах Еўропы, а неўзабаве яго змогуць убачыць жыхары Хельсінкі (Фінляндыя) і Лондана (Англія).

"Быць Гаральдам Пінтэрам" – спектакль пра праблему гвалту ва ўсіх яго праявах утрымлівае фрагменты прамовы нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Гаральда Пінтэра і дакументальныя маналогі зняволеных з беларускіх турмаў.

Нагадаем, у жніўні гэтага года падчас прэм'еры "Свабоднага тэатра" ў Менску былі затрыманыя ўсе гледачы і акцёры тэатра, уключна грамадзян Францыі і Галандыі. Прадстаўнікі міліцыі растлумачылі свае дзеянні званком, які паступіў у міліцыю з нагоды шуму, які даносіўся з будынка, дзе праходзіў паказ. Пазней прэм'ера спектакля ўсё-ткі адбылася – у вёсцы Кучкуны Валожынскага раёна Менскай вобласці, дзе спецыяльна для гэтага быў арэндаваны прыватны дом, паведамляе БелаПАН.

Гэтым разам паказ прайшоў без інцыдэнтаў, хоць, па словах М.Халезіна, супрацоўнікі міліцыі былі заўважаныя ў месцы, дзе звычайна збіраюцца гледачы перад спектаклем.

Нагадаем, "Свабодны тэатр" быў створаны каля двух з паловай гадоў таму. Трупа не мае ні ўласнай сцэны, ні памяшкання для рэпетыцый, ні фінансавання, таму спектаклі "Свабоднага тэатра" ў Беларусі праходзяць у розных месцах. Як правіла, такія паказы шырока не афішуюцца. У той самы час калектыў актыўна гастралюе за мяжой, удзельнічаў у некалькіх буйных міжнародных тэатральных фэстах. У красавіку быў прыняты ў Еўрапейскую тэатральную канвенцыю.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках