У Грузіі пройдуць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары
- 8.11.2007, 17:21
Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі выступіў з тэлезваротам да насельніцтва краіны – першым пасля ўчорашняга разгону мітынгу і ўвядзення надзвычайнага становішча ў краіне. Прэзідэнт паведаміў пра перанос прэзідэнцкіх выбараў з восені 2008 года на 5 студзеня 2008 года.
Выступу Саакашвілі па тэлебачанні папярэднічала яго сустрэча з прадстаўнікамі парламенцкай большасці. У будынку Дзяржканцэдярыі прэзідэнт абмеркаваў апошнія падзеі ў краіне з сябрамі кіруючай партыі "Адзіны нацыянальны рух" (АНР). Пра змест гутаркі не паведамляецца.
Перад пачаткам сустрэчы шэраг дэпутатаў заявілі журналістам, што "ўлады выступаюць за дыялог з часткай апазіцыі". Паводле іх слоў, жаданне весці дыялог з уладамі выказалі кіраўнікі дзвюх буйных апазіцыйных партый "Новыя правыя" і "Прамысловасць выратуе Грузію" (гэтыя партыі маюць фракцыі ў парламенце), якія не ўвайшлі ў створаны ў канцы верасня Нацыянальны савет (НС) апазіцыйных партый і адмовіліся ўдзельнічаць у вулічных акцыях.