Беларускае малако тонамі ідзе ў Венесуэлу
3- 9.11.2007, 9:33
Ваўкавыскае ААТ "Беллакт" рыхтуе да адгрузкі ў Венесуэлу першыя 200 тон сухога малака, паведаміў карэспандэнту БелТА выканаўца абавязкаў дырэктара прадпрыемства Генрых Маркоўскі.
Паводле яго слоў, усяго, згодна з кантрактам, "Беллакт" паставіць у Венесуэлу 1 тыс.т сухога цэльнага малака. Гэта вельмі буйны кантракт, канстатаваў ён.
"Венесуэльскі бок прад'яўляе вельмі высокія патрабаванні да якасці прадукцыі, якая пастаўляецца. Аналіз сухога малака быў зроблены ў незалежнай лабараторыі ў Беларусі, а пазней венесуэльскія спецыялісты бралі ўзоры прадукцыі і правяралі на якасць і бяспеку ў сябе на радзіме", – распавёў Генрых Маркоўскі. Вынікі аналізаў беларускага і венесуэльскага бакоў цалкам супалі, што пацвярджае высокую якасць айчыннай прадукцыі і кваліфікаванасць спецыялістаў у галіне стандартызацыі, падкрэсліў ён.
Гарантыяй стабільнай якасці прадукцыі ААТ "Беллакт" з'яўляецца сертыфікат, атрыманы прадпрыемствам у 2003 годзе і які сведчыць, што сістэма кіравання якасцю распрацоўкі і вытворчасці сухіх прадуктаў на аснове малака адпавядае патрабаванням ISO 9001 версіі 2001 года. Акрамя таго, на прадпрыемстве ўкаранёная сістэма якасці на аснове прынцыпаў НАССР.
ААТ "Беллакт" плануе ўзяць удзел у Нацыянальнай выставе Рэспублікі Беларусь у Венесуэле, якая, як мяркуюць, адбудзецца 3 снежня ў Каракасе.