Журналіста арыштавалі на 7 сутак
- 12.12.2007, 8:36
Грамадскі актывіст Барыс Гарэцкі асуджаны на сем сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне прыняў 11 снежня суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Леанід Ясяновіч.
Б.Гарэцкі прызнаны вінаватым па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання). Пры гэтым з яго знятае абвінавачванне па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) у сувязі з адсутнасцю складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Грамадскі актывіст абвінавачваўся на падставе сведчанняў супрацоўнікаў ГУУС Менгарвыканкама Аляксея Гарошкі і Паўла Шчарбакова. Яны сцвярджалі, што Б.Гарэцкі ўдзельнічаў у мітынгу прадпрымальнікаў, выкрыкваў лозунгі і распаўсюджваў улёткі "Свабоду Дашкевічу". Акрамя гэтага, паводле іх сведчанняў, падчас затрымання на ўваходзе ў метро каля Кастрычніцкай плошчы нібыта Б.Гарэцкі "гучна крычаў, не рэагаваў на заўвагі мінакоў, нецэнзурна выказваўся ў адрас супрацоўнікаў міліцыі, якія рабілі затрыманне".
У судзе абвінавачваны растлумачыў, што ён з'яўляецца пазаштатным карэспандэнтам газеты "Наша Ніва" і супрацоўнікам беларускай службы радыё "Рацыя". Па словах Б.Гарэцкага, на Кастрычніцкую плошчу ён прыехаў па заданні рэдакцыі для асвятлення мітынгу, пасля чаго намерваўся вярнуцца на метро ў рэдакцыю.
Сваё затрыманне і вынесены прысуд Б.Гарэцкі лічыць пазапраўнымі.