9 чэрвеня 2026, aўторак, 13:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Макаеў: «Умовы ўтрымання на Акрэсціна можна прыраўнаць да пытак»

Сёння выйшаў на волю адзін з заяўнікоў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, якога затрымалі 10 снежня яшчэ да таго, як пачалася акцыя на Кастрычніцкай плошчы. “Дыхаю вольным паветрам і гэта – галоўнае. Няма каштоўнасці, вышэйшае за свабоду. Калі цябе пазбаўляюць свабоды нават на некалькі дзён, разумееш гэта вельмі востра”, - заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксандр Макаеў адразу па выхадзе з пастарунку на Акрэсціна.

Па словах А.Макаева, у адной камеры з ім знаходзіўся Віктар Гарбачоў, яшчэ адзін з заяўнікоў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, які атрымаў самае жорсткае пакаранне ў 15 сутак арышту. Ды і тыя тры чалавекі, якія знаходзіліся ў гэтай жа камеры па бытавых артыкулах, таксама цікавыя людзі патрапіліся, таму “будзе што ўзгадаць”.

Разам з тым, А.Макаеў падкрэсліў, што, нягледзячы на тое, што ў камеры было надзвычай холадна, нікому з арыштантаў не дазволілі перадаваць цёплую вопратку, спальнікі. “Калі людзей караюць за нейкія ўчынкі адміністрацыйнымі арыштамі, гэта азначае, што іх пазбаўляюць менавіта свабоды, а тое, што ў камерах не забяспечваюць нармальнай тэмпературы і разам з тым не даюць магчымасці перадаць з дому нешта цёплае, гэта ўжо інакш, як здзекам альбо пыткай холадам, не назавеш. З гэтай прычыны мы маем намер падрыхтаваць заяву ў адпаведны камітэт ААН”, - заявіў лідэр прадпрымальнікаў.

Наконт магчымага дыялогу з уладамі Александр Макаеў выказаўся дастаткова катэгарычна. “Ніякага дыялогу пры такім стаўленні да нас уладаў быць не можа. Пра які дыялог можа ісці размова, калі наш аргкамітэт амаль цалкам знаходзіцца за кратамі – Крывуль, Калей, Гарбачоў. Тым больш, што я зараз таксама не ведаю, колькі часу буду на свабодзе – дзень-два ці болей. Я толькі выйшаў за браму, а мяне ўжо здымаюць людзі ў цывільным, нават не ведаю, ці патраплю дадому”, - сказаў адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху.

Нагадаем, на 10 сутак быў арыштаваны сёння грамадзкі актывіст Мікола Сергіенка нібыта за то, што “нецэнзурна лаяўся” на адрас міліцыянтаў у офісе Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў 6 сьнежня. Па гэтым жа артыкуле абвінавачваўся і Аляксандр Макаеў.

6 сьнежня яны знаходзіліся ў офісе Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Напярэдадні туды прывезлі ўлёткі, якія заклікалі прадпрымальнікаў прыйсці 10 снежня на мітынг на Кастрычніцкую плошчу. Раптам у офіс уварваліся супрацоўнікі міліцыі: улёткі канфіскавалі, а прысутных павезлі ў Ленінскі райаддзел міліцыі нібыта дзеля высвятлення асобаў.

Макаеў быў затрыманы перад тым, як пачаўся мітынг прадпрымальнікаў, і пакараны 7 суткамі арышту паводле абвінавачання ў быццам бы “брыдкаслоўі”. Таму сёння не мог прысутнічаць у судзе паводле іншага абвінавачання.

У мітынгу на Кастрычніцкай плошчы, нагадаем, прынялі ўдзел 1.000 прадпрымальнікаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках