9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Кароль: «Галоўная мэта Чаргінца – збанкрутаваць незалежную газету»

6

“Інакш, як несправядлівы, гэты прысуд назваць нельга. Ва ўмовах нармальнай судовай сістэмы мы мусілі выйграць зыск, бо справа не ў абразе чыйгосьці гонару. Галоўнай мэтай зыску было давядзенне да банкруцтва незалежнай газеты”, - заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 галоўны рэдактар газеты “Новы час” Аляксей Кароль, каментуючы сённяшні прысуд Першамайскага раёну Менску, які задаволіў зыск “дэпутата” Чаргінца да незалежнай газеты і журналіста Аляксандра Тамковіча.

Нагадаем, паводле прысуду за так званую “абразу гонару і годнасці” газета мусіць выплаціць “парламентару” 50 мільёнаў рублёў, а журналіст – 1 мільён.

“Мы не ў стане выплаціць нават такую ў разы паменшаную суму і не збанкрутаваць, мы ж не атрымліваем нейкіх датацый ад дзяржавы. З боку ўладаў гэта такое своеасаблівае знішчэнне незалежнай прэсы, якой у краіне і так амаль няма”, - кажа Аляксей Кароль.

Па словах галоўнага рэдактара, “у артыкуле Тамковіча насамрэч ніякай абразы не было, ён быў вытрыманы ў дастаткова карэктнай форме і меў выключна крытычны характар. Тым больш, што ніводзін з пунктаў патрабаванняў з боку істца не быў канкрэтызаваны ў судзе, менавіта што ў артыкуле сп. Чаргінец лічыць абразай свайго гонару і годнасці”, - падкрэслівае А.Кароль.

Разам з тым, “не было нават улічана меркаванне міжнароднай супольнасці і гэта, нягледзячы на рыторыку з боку ўладаў, якія быццам бы жадаюць палепшыць стасункі з Захадам. Вынікае, што гэта толькі пустыя словы”, - выказаў меркаванне А.Кароль.

“Безумоўна, мы будзем абскарджваць гэтае рашэнне ў судзе вышэйшай інстанцыі, хоць шанец дамагчыся справядлівасці амаль роўны нулю. Аднак трэба ісці да канца”, - падсумаваў Аляксей Кароль.

Нагадаем, Чаргінец выказаў свае прэтэнзіі да публікацыі ў газэце “Новы час” палітычнага нарыса журналіста Аляксандра Тамковіча “Генэрал-сэнатар Мікалай Чаргінец”. Прэтэнзіі “парламентара” выклікаў цэлы шэраг момантаў публікацыі: ад згадкі пра літаратурных рабоў, да славалюбства генэрала і цягі яго да самапіяру. Таксама Чаргінца абурыла фраза пра “нізкую якасьць ягоных твораў”. Абарона адказала па кожным з пунктаў абвінавачваньня.

Дарэчы, абарона заяўляла ўчора хадатайніцтва пра літаратурную экспэртызу нарыса Тамковіча. Аднак судзьдзя Алена Ананіч адмовіла ў просьбе, а сёння задаволіла зыск “пакрыўджанага парламентара”.

Варта дадаць, што напачатку Чаргінец запатрабаваў у якасці маральнай кампенсацыі спагнаць з рэдакцыі 500 мільёнаў рублёў, а з Аляксандра Тамковіча 100 мільёнаў. А таксама арыштаваць рахунак прадпрыемства «Время новостей», якое выдае газету. Учора ён знізіў суму кампенсацыі да 50 і 5 мільёнаў рублёў адпаведна.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках