19 красавiка 2024, Пятніца, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: «Беларусы расплачваюцца за дзеянні ўлад»

2

Павелічэнне для Беларусі кошту віз і ўскладненне працэдуры іх атрымання ў выніку пашырэння шэнгенскай зоны – вынік бяздзейнасці ўлад.

Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіў намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, які курыруе міжнародныя пытанні ў Палітрадзе аб'яднаных дэмакратычных сілаў (АДС).

"На жаль, беларускія грамадзяне атрымоўваюць шкоду ад улад, якія нічога не робяць для збліжэння нашай краіны з Еўрапейскім Звязам", – падкрэсліў ён.

Нагадаем, 21 снежня Чэхія, Вугоршчына, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія, Эстонія, Латвія і Літва ўвайшлі ў зону Шэнгена. Гэта прывяло да павелічэння кошту віз для грамадзян Беларусі да 60 еўра, а таксама ўскладніла парадак іх атрымання.

Па словах В.Вячоркі, у Еўропе "праходзяць натуральныя інтэграцыйныя працэсы". "Вельмі шкада, што Беларусь апынулася па-за гэтымі працэсамі. Больш за тое, мы нават у большай ступені ўшчэмленыя, чым Украіна, якая праводзіла больш актыўныя перамовы з ЕЗ", – адзначыў ён.

В.Вячорка лічыць, што рэальныя дзеянні ўлад па нармалізацыі стасункаў з ЕЗ гарантавалі б грамадзянам Беларусі ніжэйшыя цэны на візы, а таксама спрошчаную працэдуру іх атрымання. Пры гэтым ён падкрэсліў, што "ў перспектыве Беларусь і зусім магла б разлічваць на бязвізавы рэжым з Еўропай".

Нагадаем, кошт Шэнгенскай візы для грамадзян Украіны і Расеі складае 35 еўра. Пра такую цану гэтыя краіны дамовіліся з Еўразвязам у рамках праграмы добрасуседства, якая не распаўсюджваецца на Беларусь, бо афіцыйны Менск адмовіўся ад супрацоўніцтва з Еўропай на ўмовах Еўразвяза, адной з якіх з'яўляецца вызваленне палітвязняў. Больш за тое, літаральна ўчора аднаго з лідэраў «Маладога Фронту» Артура Фінькевіча суд прысудзіў да 1,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Палітвязня, які павінен быў выйсці на свабоду пасля адбывання пакарання на так званай «хіміі» яшчэ на пачатку снежня, прызналі вінаватым у парушэнні рэжыму адбывання пакарання і адправілі за краты.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках