Нацбанк размясціў на сваіх манетах ваўкоў і пінгвінаў
8- 21.12.2007, 16:50
У рамках міжнароднай манетнай праграмы Нацыянальны банк Беларусі выпускае 21 снежня ў зварот адразу некалькі манет.
Срэбная манета «Ваўкі», наміналам 20 рублёў, прадстаўляе рэльефны малюнак галавы ваўка, у вачах «дробязнага» драпежніка – устаўкі з крышталя. На заднім плане адлюстраваны воўк, які стаіць на камні, а ўгары надпіс: «Ваўкі. Canis lupus». Манета адчаканеная тыражом 7 тыс. штук, паведамляе БелаПАН.
Яшчэ адна манета на ваўчыную тэму – «Воўк» – выпушчаная ў двух варыянтах: залатая з дыяментавымі ўстаўкамі, наміналам 50 рублёў, і срэбная з крыштальнымі ўстаўкамі, наміналам 20 рублёў.
На іх адлюстраваны воўк, наверсе надпіс: «Воўк Сanis lupus». Тыраж залатой манеты – 2 тыс. штук, срэбнай – 7 тысяч.
Акрамя таго, з'явілася срэбная манета «Міжнародны палярны год» наміналам 20 рублёў. У яе цэнтры эмблема Міжнароднага палярнага года. Ззаду: на фоне стылізаванай карты Антарктыкі — рэльефны малюнак двух пінгвінаў, выкананае з выкарыстаннем эмалі трох колераў: чорнага, белага і памаранчовага; злева надпіс: «Міжнародны палярны год»; справа – геаграфічныя каардынаты месца знаходжання беларускіх навукоўцаў-даследнікаў Антарктыды; унізе — малюнак ружы вятроў. Манета адчаканеная 10-тысяным тыражом.
У зварот таксама выйдуць залатыя і срэбныя манеты «Беларускі балет. 2007» наміналам 1 тыс. рублёў, 200, 10 і 20 рублёў.
Памятныя манеты, нагадвае Нацбанк, з'яўляюцца законным аплатным сродкам Беларусі, абавязковым да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без якіх-небудзь абмежаванняў.