9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы і Шэнген: мы чужыя на гэтым сьвяце жыцьця

1

Гэтыя дзьве падзеі адбыліся амаль што адначасна. У нас прэзыдэнцкім указам нарэшце скасаваны дазвольны штамп у пашпарце. А Эўропа шампанскім ды фэервэркамі адсьвяткавала пашырэньне Шэнгену.

Скасаваньне штампу паставіла кропку ў бюракратычнай эпапеі, што цягнулася аж з 2002 году (цяпер ужо, бадай, мала хто памятае, што пытаньне ініцыяваў тагачасны дэпутат Уладзімер Парфяновіч). Фармальна зроблены крок да лепшага забесьпячэньня канстытуцыйнага права на свабоду перамяшчэньня.

Па сутнасьці ж між нашай краінай і Эўропай бар'ер стаў яшчэ вышэйшы.

Яшчэ невядома, якія непрыемнасьці і для каго тоіць у сабе той загадкавы "чорны сьпіс" невыязных, што прыходзіць на зьмену старому фільтру. Каб не атрымалася яшчэ гусьцейшае сіта!

Галоўнае ж — сама Эўропа, зламаўшы шлагбаўмы на ўнутраных межах, адпаведна ўмацоўвае вонкавыя межы шэнгенскай зоны. Зараз патрабаваньні да нашых суайчыньнікаў, што жадаюць трапіць туды, сталі болей строгімі. Дый 60 эўра — кошт для многіх кусачы.

Канешне, і да гэтага народ адаптуецца. Калі і ўпадзе колькасьць нашых вандроўнікаў у Эўропу — то ненашмат і ненадоўга.

Апазыцыя цягам году агітавала Брусэль, каб даў зьніжкі. За гэта ж выступалі і палітыкі суседніх з намі краінаў ЭЗ. Пакуль што тэма заглухла.

Ня ўсе ў нас ухваляюць менавіта такую прынцыповасьць эўракратаў: маўляў, хай спачатку рэжым выконвае нашыя патрабаваньні, улучаецца ў палітыку добрасуседзтва, а тады ўжо прэтэндуе на льготы (дарэчы, расейцы ды ўкраінцы іх ужо маюць і выкладаюць за візу па 35 эўра).

Зразумела ж, па беларускай кіроўнай вярхоўцы новы парадак надта ня ўдарыць. Адны і так невыязныя, іншыя шнуруюць на Захад па службовых справах за казённы кошт, а ўрэшце, калі каму і давядзецца заплаціць з уласнай кішэні, то, трэба думаць, гэта ня стане фінансавай катастрофай. Цярпяць звычайныя людзі.

Зь іншага боку, і Эўропа мае сваю рацыю. Год яе вадзілі за нос байкамі пра дыялёг. У выніку ніводная з 12 умоў ЭЗ так і ня выкананая. Наадварот, пайшоў адкат — згадайма хаця б прысуд Фінькевічу.

Маральная адказнасьць за тое, што бар'еры становяцца вышэйшымі, ляжыць на беларускай уладзе.

На пачатку 90-х наша краіна мела ня горшыя стартавыя магчымасьці, чым Літва ці Польшча. Цяпер мы з зайздрасьцю глядзім, як яны там зносяць шлагбаўмы і п'юць шампанскае. "Мы, Кіса, чужыя на гэтым сьвяце жыцьця!".

На тле такіх падзей асабліва востра адчуваецца, колькі гістарычнага часу страчана краінай.

Разам з тым, ёсьць горкая праўда і ў выслоўі, што кожны народ мае той урад, які заслугоўвае. Эўропа ня зробіць нам тут дэмакратыю. Выкарасквацца з гістарычнай ямы беларусам наканавана самім.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках