9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Івашкевіч: «Так было, калі развальваўся Савецкі Саюз»

3
Віктар Івашкевіч: «Так было, калі развальваўся Савецкі Саюз»

25 снежня, на свята Божага Нараджэння, выйшаў на свабоду з спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Палітыка арыштавалі ў дзень правядзення мітынгу прадпрымальнікаў і асудзілі на 15 сутак арышту па ілжывым абвінавачванні. У інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 пасля вызвалення Віктар Івашкевіч заявіў, што яго арышт не паўплывае на намер апазіцыі весці дыялог з уладамі.

«Трэба адзначыць, што на з'ездзе Партыі БНФ я быў прызначаны намеснікам старшыні партыі па працы з мэтавымі групамі. Вось з дзвюма мэтавымі групамі я і працаваў 15 сутак: з прадпрымальнікамі і дробнымі парушальнікамі. Мяне перакідалі з адной камеры ў другую, мабыць, для таго, каб я ахапіў большую колькасць агітаваных», – жартуе па сваім звычаі Віктар Івашкевіч.

Палітык упэўнены: яго затрымалі для таго, каб ён не ўдзельнічаў у акцыі «За незалежную Беларусь!» 12 снежня. «Таму што я быў ініцыятарам правядзення гэтага пікету або прэс-канферэнцыі пад адкрытым небам. Гэта было так званае прэвентыўнае затрыманне, хоць з другога боку я насамрэч быў на мітынгу прадпрымальнікаў. Ужо ў турме я наладзіў з лідэрамі прадпрымальнікаў больш цесныя кантакты, бо даводзілася сядзець з імі ў адной камеры», – гаворыць Івашкевіч.

«У міліцыі, калі я ўбачыў, што на мяне афармляюць пратакол не за ўдзел у мітынгу, а за тое, што я нібыта нецэнзурна лаяўся, я абурыўся і адмовіўся спускацца з трэцяга паверху. Тады міліцыянты вырашылі мяне знасіць уніз на руках. Акуляры ў мяне забралі. Пяць чалавек несці мяне не здолелі, яны склікалі ўвесь РУУС, цягнулі мяне ўніз поцягам. Увогуле, была цэлая аперацыя. У сувязі з гэтым яны раззлаваліся на мяне. У выніку, ні ў РУУС, ні ў судзе мне не дазволілі атрымаць ніякіх перадач, што, у прынцыпе, дапускаецца, як патрапіў у спецпрыёмнік-размеркавальнік. На судзе выступалі амапаўцы-ілжэсведкі. Усе ведаюць, што яны хлусяць, але гэта ўжо стала звыклай справай нашай прававой сістэмы», – распавядае намеснік старшыні Партыі БНФ.

У турме палітык шмат думаў пра прыезд у Менск прэзідэнта Расеі, над тым, чаму Пуцін выдзеліў Беларусі крэдыт у 1,5 мільярды даляраў.

«Я яшчэ калі сядзеў у судзе, думаў: знойдзе Лукашэнка грошы – нас пасадзяць. Не знойдзе – нас вызваляць. Разгон 12 снежня быў дэманстрацыяй слоў Лукашэнкі пра тое, што ён «за Расею ваяваць будзе». Вось ён і ваяваў за Расею на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, хачу выказаць такую думку на прадмет таго, чаму Пуцін стаў такім добрым да Лукашэнкі. Я думаю, што правядзенне Еўрапейскага Марша і тыя ўсе эківокі, крокі, якія рабілі ў бок Еўропы набліжаныя да Лукашэнкі службоўцы, уся праеўрапейская кампанія, тое, што Беларусь можа зрабіць іншы геапалітычны выбар, паўплывалі на рашэнне Крамля зрабіць Лукашэнку падтрымку. Насамрэч (я прыйшоў да такой высновы пасля 15 сутак роздумаў) наша еўрапейская кампанія змагалася за розум людзей з Расеяй, з Пуціным. Бо наша кампанія не вялася менавіта супраць Лукашэнкі, а вялася за геапалітычны выбар Беларусі, і Крэмль напружыўся на прадмет таго, што, калі так далей пойдзе, то беларусы неўзабаве звернуцца ў бок Еўропы. І таму гэтыя мільярды ідуць нават не на падтрымку Лукашэнкі, а на падтрымку расейскага ўплыву, на супрацьстаянне еўрапейскаму ўплыву»,– лічыць Івашкевіч.

Тым не менш, па словах палітыка, неабходна працягваць стратэгію, накіраваную на дыялог з уладамі. «Перабудова, калі ўзгадаць тую перабудову – гэта не толькі вызваленне Сахарава, але і разгон пры дапамозе газаў на Дзяды 30 кастрычніка 1988 года, сапёрныя лапаткі ў Тбілісі, танкі ў Вільні. Перабудова – гэтае зруйнаванне рэжыму ў выніку яго фінансавага банкруцтва. Але адбываецца яно супярэчліва. Адны кажуць, што трэба праводзіць рэформы, другія лічаць, што трэба ціснуць. То я выходжу на Кастрычніцкую плошчу з сцягамі – і ўсё нармальна, то другія выйшлі – а іх збілі, як Хведарука. Гэта ўсё пераходны перыяд. Так яно было і тады, калі развальваўся Савецкі Саюз. І у гэтым сэнсе я думаю, што пасланне да людзей ва ўладзе застаецца актуальным: падумайце, палічыце на калькулятарах, што вам выгоднае. Разумны сэнс уласцівы службоўцам улады. Тым больш, праўда на нашым баку», – упэўнены Віктар Івашкевіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках