Нават страйкаваць трэба за грошы?
4- 26.12.2007, 13:21
У Берасьці падатковая інспекцыя рассылае "распараджэньні" па рынках, каб не дапусьціць масавага нявыхаду на працу індывідуальных прадпрымальнікаў, якія пратэстуюць супраць дыскрымінацыйнага ўказу № 760.
Першы намесьнік начальніка інспэкцыі па падатках і зборах Маскоўскага раёну Берасьця Г.Нагорны накіраваў дырэктару рынка "Юбілейны" і старшыні Савету прадпрымальнікаў ліст, быццам бы паводле ўказу №760 індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя сплаціць адзіны падатак за першы месяц 2008 году яшчэ да 28 сьнежня.
"В случае не уплаты в установленный срок единого налога на январь месяц настоятельно рекомендуем рассмотреть вопрос об прекращении договора аренды на 2008 год торговых мест с индивидуальными предпринимателями, осуществляющими торговлю на Вашем торговом центре," – падае Bulletin Online тэкст у арыгінале, з захаваньнем памылак.
– Гэта ўсё нейкае суцэльнае непаразуменьне, – кажа Віктар Чайкоўскі, старшыня Берасьцейскага аддзяленьня аб’яднаньня прадпрымальнікаў "Пэрспэктыва". – А калі я іду ў адпачынак? А калі я хачу перапыніць працу не на месяц, а, скажам, на дзесяць дзён?
Спадар Чайкоўскі сцьвярджае, што гэты цыркуляр ёсьць рэакцыяй на мяркуемыя пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў у новым годзе. "Ня хочуць дапусьціць страйку, нават у форме масавага сыходу ў адпачынак," – кажа ён.
– Падатковая інспэкцыя ў нас ператварылася ў невядома што, – цьвердзіць адзін з прадпрымальнікаў. – Гэта апрычнікі. Летась зімой мы думалі страйкаваць, дык яны выклікалі і дыктавалі, каму ісьці ў адпачынак, а каму не, быццам бы маюць на гэта нейкае права.
– У Канстытуцыі ёсьць права на страйк, але, як бачым, скарыстацца ім ня надта проста, – кажа юрыст Берасьцейскага аддзяленьня прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Уладзімір Малей.