9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парадаксальныя вынікі 2007 года

14
Парадаксальныя вынікі 2007 года

Вынікі 2006 года былі відавочнымі і прадказальнымі. Сфальсіфікаваныя выбары, масавыя арышты, пагрозы і пераслед моладзі – усё было зразумела, як табліца множання. У 2007 годзе гісторыя выпісвала кругі, завязвала вузлы, сыпала парадоксамі, так што вынікі года апынуліся парадаксальнымі, як і ўвесь гэты год разам з яго персанажамі. Прапануем вынікі года па версіі газеты «Выбар», якая напярэдадні Новага года патрапіла ў паштовыя скрыні шматлікіх жыхароў Беларусі, у тым ліку і ў паштовую скрыню прэс-цэнтра Хартыі’97.



Чалавек года

Віктар ІВАШКЕВІЧ, намеснік старшыні БНФ. Чалавек па азначэнні парадаксальны – партыйная пасада ніяк не асацыюецца з выявай сібарыта і жыццялюба Івашкевіча. Але самым яркім персанажам года Івашкевіч стаў у ролі не партыйнага функцыянера, а лідэра вулічных акцый.

Зрэшты, вулічны досвед Івашкевіча багаты: менавіта ён арганізоўваў мітынгі БНФ яшчэ на пачатку дзевяностых, уваходзіў у стачачны камітэт у 1995 годзе і разам з працоўнымі МТЗ выходзіў на плошчу. Адміністрацыйным арыштам ён падвяргаўся больш як дзесяць разоў. У 2002 годзе быў прысуджаны да двух гадоў абмежавання волі ("хіміі") па артыкуле "паклёп у дачыненні прэзідэнта" пасля публікацыі ў газеце "Рабочий" артыкула "Вор должен сидеть в тюрьме". Адбываў пакаранне на "хіміі" год, пасля чаго выйшаў на волю па амністыі. Перад ад'ездам на «хімію» Віктар Івашкевіч ніяк не мог зразумець, чаму яго лічаць героем: «Вы калі-небудзь у студэнцкім інтэрнаце былі? Умовы, у якіх жывуць студэнты, бачылі? Дык вось, у іх гэтая «хімія» на пяць гадоў. А у мяне – усяго на два!»

Сёлета Віктар Івашкевіч шмат што зрабіў для падрыхтоўкі Дня Волі 25 сакавіка, узначальваў аргкамітэты «Чарнобыльскага шляху» і Еўрапейскага маршу. Незадоўга да Еўрапейскага маршу, 25 верасня, быў затрыманы ў цэнтры Менска. Яго затрымліваў цэлы ўзвод АМАПа – відавочна, пра Івашкевіча ў міліцэйскім асяродку склаліся міфы. Магчыма, яго лічаць Тэрмінатарам – інакш навошта ўзвод?.. Івашкевіч правёў ноч у Першамайскім РУУС Менска. На наступны дзень суд Першамайскага раёна вызваліў яго, палічыўшы пратаколы, складзеныя амапаўцамі, недастаткова пераканаўчымі.

У дзень Сацыяльнага маршу, 4 лістапада, Івашкевіч выйшаў на Кастрычніцкую плошчу з двума сцягамі – бел-чырвона-белым і еўрапейскім. Яго персанальны маленькі флэш-моб – выдатная дэманстрацыя таго, што ён казаў неаднаразова: «Дыялог і супрацоўніцтва лепшае за канфрантацыю. Але калі ўлады абяруць канфрантацыю, то яна ўдарыць па іх». Зрэшты, гатоваму да дыялогу і супрацоўніцтву Івашкевічу належыць і другое выказванне: «Хопіць сядзець у акопах. Трэба ісці на прарыў».

Прапанова года

Апазіцыя ўпершыню за доўгія гады жорсткай канфрантацыі прапанавала ўладзе дыялог. Прапанову афіцыйна агучыў Аляксандр Мілінкевіч у сваім лісце да Аляксандра Лукашэнкі. Ідэю падтрымалі ўсе дэмакратычныя сілы краіны. Гатоўнасць апазіцыі да дыялогу стала сенсацыяй не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе. Пасля шматгадовых рэпрэсій працягнуць уладзе руку дапамогі было неверагодна цяжка. Але апазіцыя, пераступіўшы праз арышты, пераследы, пагрозы, усё-ткі зрабіла гэта. Як сказаў вядомы беларускі дыпламат Андрэй Саннікаў, «Беларусь сапраўды знаходзіцца ў парогавым стане. Рашэнні трэба прымаць хутка і ўзважана, інакш усе мы станем заложнікамі непрадказальнасці падзей». Таму што яшчэ ў канцы мінулага года расейскія службоўцы казалі прамым тэкстам: калі Лукашэнка хоча тамбоўскіх цэн на газ – ласкава просім у Расею ў якасці суб'екта федэрацыі. І падвышэнне цаны на газ удвая сёлета з перспектывай далейшага росту ў 2008 годзе – гэта выпрабавальны тэрмін, пасля якога Лукашэнка павінен здацца Расеі разам з усёй краінай. Усе ўмовы для гэтага былі створаныя: падвышэнне цэн на газ хутка прывяло да эканамічнага крызісу. Цэны на прадукты і кошт камунальных паслуг растуць кожны дзень, ільготы скасаваныя, закрываюцца прадпрыемствы, расце беспрацоўе. Фінансавая залежнасць нашай эканомікі ад Расеі стала занадта відавочнай і небяспечнай. І ў Беларусі-2007 склалася незвычайная для таталітарных краін сітуацыя: ва ўлады і апазіцыі з'явілася агульная каштоўнасць – Незалежнасць, якую трэба абараніць і захаваць, нават калі для гэтага давядзецца сесці за стол перамоваў з ворагам. Краіна даражэйшая.

Дапамогу беларускай уладзе прапанавала не толькі апазіцыя, але і Еўропа. Крэдыты, інвестыцыі, паніжэнне кошту віз для беларусаў – усё гэта магло стаць рэальнасцю ў кожны момант. Трэба было толькі выканаць простыя ўмовы – вызваліць палітвязняў, спыніць пераслед іншадумцаў, правесці сумленныя выбары. Нічога складанага. Нічога невыканальнага. А наўзамен – адкрытая Еўропа, выхад з крызісу, выдатныя перспектывы. Але ўлада пакуль маўчыць.

Зрэшты, не ўся ўлада маўчыць. Службоўцы, як усе беларусы, стаміліся ад непрадказальнасці свайго жыцця і нявызначанасці будучыні, стаміліся быць закладнікамі настрояў і жаданняў аднаго чалавека. Цяжка змірыцца з непазбежным пакуль толькі гэтаму чалавеку – Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу. Ён усё яшчэ спадзяецца, што жаласлівая Еўропа і такога прыме. Пашкадуе і дасць крэдыт. А яшчэ – верыць, што цуд адбудзецца і Пуцін будзе газ Беларусі проста дарыць. Каб яго ўспаміналі добрым словам пасля таго, як той пакіне пасаду прэзідэнта. Трымайце кішэню шырэй, Аляксандр Рыгоравіч! Прыемных сноў!

Тэндэнцыя года

Раней Беларусь была проста ізаляванай ад цывілізаванага свету краінай. Сёлета яна стала ператварацца ў абсалютнага ізгоя і аўтсайдэра накшталт Кубы і Паўночнай Карэі. 21 чэрвеня Еўразвяз выключыў Беларусь з сістэмы гандлёвых прэферэнцый. Рашэнне было прынятае яшчэ на пачатку 2007 года, але яго дзеянне прыпынілі, даўшы кіраўніцтву краіны час прывесці працоўнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі. У Менску да парад не прыслухаліся.

Прычына пазбаўлення прэферэнцый – незахаванне ў Беларусі правоў прафсаюзных арганізацый. Незалежныя прафсаюзы павінны мець права працаваць на прадпрыемствах і абараняць правы працоўных. А ў Беларусі прафсаюзы з'яўляюцца часткай дзяржаўнай сістэмы, як калісьці ў Савецкім Саюзе.

Генеральная сістэма прэферэнцый была заснаваная ў 1971 годзе. Гэта сістэма мытных ільгот, якія атрымліваюць дзяржавы, якія развіваюцца, з боку развітых краін. Як правіла, выйгрыш на імпарце–экспарце складае не менш як 10 працэнтаў. У выпадку з Беларуссю, чый таваразварот з Еўразвязам у 2005 годзе склаў 3 мільярды еўра, штогадовыя страты могуць дасягнуць 300 мільёнаў еўра. У першую чаргу пацерпяць лёгкая, хімічная і дрэваапрацоўчая прамысловасць. Дарэчы, Беларусь – другая краіна ў свеце, якая патрапіла пад адмену прэферэнцый з прычыны парушэння правоў працоўных. Першай стала Бірма.

3 жніўня Дзярждэпартамент ЗША пашырыў круг беларускіх службоўцаў, супраць якіх прымаюцца санкцыі. «Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае практыку звальнення і пераследу грамадзян за выказванні ў абарону дэмакратыі, правядзенне мірных дэманстрацый і выступы супраць рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму. Нягледзячы на тое, што у мінулую вясну мела месца некаторае паслабленне рэпрэсіўных мераў, цягам апошніх некалькіх тыдняў мы сталі сведкамі чарговага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі», – гаворыцца ў заяве амбасады ЗША ў Беларусі.

Пасля новага распараджэння ў ЗША не змогуць заехаць не толькі Аляксандр Лукашэнка, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў, Уладзімір Навумаў і Дзмітрый Паўлічэнка, якія даўно сталі персонамі нон грата і якія падазраюцца сусветнай супольнасцю ў выкраданнях і забойствах, але і шматлікія беларускія службоўцы: міністры і намеснікі міністраў; генеральны пракурор і яго намеснікі; афіцэры МУС у званні вышэйшым за падпалкоўніка; афіцэры КДБ Беларусі ў званні вышэйшым за падпалкоўніка; супрацоўнікі ідэалагічных аддзелаў Менскага гарадскога і абласных выканкамаў; кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта і яго намеснікі; сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі; старшыні абласных выбарчых камісій; старшыні абласных і раённых судоў; старшыня Канстытуцыйнага суду; дырэктары і намеснікі дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў; мужы і жонкі пералічаных вышэй асоб.

Наступная хваля санкцый накрыла дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім». У лістападзе міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненні самога канцэрна і яго прадстаўніцтваў у Расеі, Украіне, Кітаі, Нямеччыне, Латвіі, ЗША. Усе актывы гэтага спісу ў ЗША павінны быць замарожаныя, ім забараняецца весці бізнэс на тэрыторыі краіны. Беларускі канцэрн па нафце і хіміі аб'ядноўвае 50 арганізацый (у тым ліку два НПЗ, нафтаздабыўшчык «Беларуснафта», вытворцу калійных угнаенняў «Беларуськалій»). У канцэрне працуюць 120 тысяч чалавек. Прадукцыя пастаўляецца больш як у 80 краін. У аб'ёме прамысловай прадукцыі Беларусі ўдзельная вага арганізацый канцэрна складае каля 35%, а ў экспарце – больш як 50%.

З 21 снежня да шэнгенскай прасторы далучаюцца нашы найбліжэйшыя суседзі – Польшча, Літва, Латвія, – а таксама Эстонія, Чэхія, Славакія, Славенія, Вугоршчына і Мальта. Кошт шэнгенскіх віз для беларусаў вырастае да 60 еўра. Пры гэтым Расея і Украіна праз аднабаковыя дамовы з Брусэлем у рамках палітыкі добрасуседства захавалі для сваіх грамадзян ранейшую суму консульскага збору – 35 еўра. Аднак з Беларуссю такая дамова нават не абмяркоўвалася, бо з боку Еўразвяза ўмовай падпісання дамовы ў рамках палітыкі добрасуседства з'яўляецца выкананне нашай краінай 12 прапаноў ЕЗ, галоўная з якіх – вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў.

Усе гэтыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўведзеныя з прычыны жорсткіх рэпрэсій супраць апазіцыі, фальсіфікацый вынікаў выбараў, татальнага парушэння правоў чалавека і невыканання 12 прапаноў Еўразвяза, накіраваных на нармалізацыю стасункаў цывілізаванага свету з Беларуссю. Паводле дадзеных праваабаронцаў, за гады кіравання Лукашэнкі ў краіне былі рэпрэсаваныя дзесяткі тысяч чалавек. Гэта значыць, што кожны год некалькі тысяч чалавек арыштоўваюць, збіваюць, звальняюць з працы, выключаюць з універсітэтаў, запалохваюць іх родных і блізкіх. І калі рэпрэсіі не спыняцца, санкцыі супраць Беларусі стануць яшчэ больш жорсткімі. І сённяшняя краіна-ізгой ператворыцца проста ў чорную пляму на карце свету.

Цытата года:

Чым насамрэч багатае наша жыццё, так гэта простай мовай. Усе выступы Лукашэнкі імгненна разлятаюцца на цытаты. Іх нават не трэба каментаваць. Дастаткова працытаваць – і ўсё становіцца зразумелым, пачынаючы з «я свой народ за цывілізаваным светам не павяду» і канчаючы беларускім народам, які будзе жыць дрэнна, але нядоўга. Але сёлета гран-пры несумнеўна належыць намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч. Аляксандр Рыгоравіч цалкам можа падарыць ёй свой партрэт з подпісам «Пераможцу-вучню ад пераможанага настаўніка».

«Трэба было перадужаць сябе і пайсці радыкальна – адмяніць ільготы ўсім да адзінага», – заявіла Наталля Пяткевіч 3 траўня падчас сустрэчы з беларускімі «парламентарыямі» і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый. Мерапрыемства было арганізаванае з ініцыятывы адміністрацыі прэзідэнта і «палаты прадстаўнікоў» для абмеркавання праекту закона «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян».

«Я не чакаю ад вас разумення. Довадаў па пазбаўленні льгот знайсці немагчыма, – сказала Пяткевіч. – Не ад вялікіх грошай, не ад добрага жыцця дзяржава эканоміць. Можна захаваць ільготы, але мы адпаведна атрымаем жыроўкі ў тры-чатыры разы большыя».

Пяткевіч падкрэсліла, што ў Беларусі цягам апошніх двух гадоў ідзе вельмі актыўная праца па ліквідацыі любых ільгот і прывілеяў. Паводле яе слоў, пры падрыхтоўцы законапраекта разглядаўся варыянт адмены ўсіх ільгот для любой катэгорыі грамадзян.

Яна таксама паведаміла, што пасля адмены льгот дзяржава зэканоміць каля аднаго мільярда, але пры гэтым не стала ўдакладняць, у якой валюце – у рублях ці далярах. На прапанову прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый вынесці законапраект на ўсенароднае абмеркаванне Пяткевіч заявіла: «Праект закона на ўсенароднае абмеркаванне выносіцца не будзе».

Вядома ж, не ад добрага жыцця дзяржава адмяняе ільготы. Вось толькі дзіўна, што для выхаду з эканамічнага крызісу ўлада вырашыла ўдарыць па старых, інвалідах, дзецях, чарнобыльцах – словам, па самых неабароненых. А вось на тое, каб працягваць будаваць нікому не патрэбныя лёдавыя палацы ў кожным райцэнтры, узводзіць для службоўцаў у Драздах беларускую «Рублёўку», праводзіць дарагія «Дажынкi», вывозіць за тры моры ў Венесуэлу войска службоўцаў у суправаджэнні танцораў і спевакоў, – грошы чамусьці ёсць, нягледзячы на дарагоўлю энергарэсурсаў. Улада выдатна разумее: слабыя, хворыя, бедныя пастаяць за сябе ўсё роўна не змогуць. У іх няма на гэта ні сілаў, ні часу. Ім трэба выжываць. А службоўцам – прыдумляць сабе новыя забаўкі за дзяржаўны кошт, каб не звар'яцець ад нуды. І адкрыцці Наталлі Пяткевіч лішнім разам гэта пацвярджаюць.

Акцыя года

Як ні дзіўна, акцыяй года стаў не Еўрапейскі марш і не «Чарнобыльскi шлях». Упершыню эксперты вырашылі аддаць першынство дзяржаўнай, а не апазіцыйнай акцыі. «ЗА НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ!» – так звалася доўгатэрміновая акцыя, якая стартавала ў Менску 25 сакавіка, у Дзень волі, а скончылася ў дзень вызвалення Менска ад фашыстаў 3 ліпеня. Заключныя канцэрты прайшлі на двух пляцоўках – каля Нацыянальнай бібліятэкі і ў аэрапорту «Менск-1». На канцэртах за незалежную Беларусь выступілі Дзмітрый Калдун, Ірына Дарафеева і іншыя айчынныя выканаўцы.

Афіцыйна 3 ліпеня ўжо 12 гадоў адзначаецца як Дзень незалежнасці, хоць тысячы беларусаў дагэтуль успрымаюць гэтае свята як дзень вызвалення Менска. «Я мянчук і, колькі сябе памятаю, 3 ліпеня ў Менску заўсёды было святам, – казаў у гэты дзень каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка. – Урачыстасці, якія прайшлі пад лозунгам «За незалежную Беларусь!», можна ацаніць вельмі пазітыўна. Людзі, якія прыйшлі да кіраўніцтва краінай з ідэяй аднаўлення Савецкага Саюза, праз 12 гадоў усё-ткі ўсвядомілі каштоўнасць незалежнасці. У шматлікіх гарадах Беларусі прайшлі больш як дзвесце канцэртаў у падтрымку суверэнітэту краіны. Магчыма, гэтая кампанія была занадта пампезнай, але ўпершыню дзесяткі мільёнаў даляраў былі накіраваныя не на прапаганду міфічнай «саюзнай дзяржавы», а на ўмацаванне патрыятызму. Таму тысячы актывістаў апазіцыі ўзялі непасрэдны ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у дзень вызвалення Менска».

У акцыях «За незалежную Беларусь!» у агульнай складанасці ўзялі ўдзел 300 тысяч чалавек. Самай вялікай нечаканасцю стала заканчэнне выступу спявачкі Анжалікі Агурбаш. Скончыўшы песню, яна выгукнула ў мікрафон «Жыве Беларусь!» Альбо тэкст забыла, альбо, наадварот, праз шмат гадоў раптам успомніла патрэбныя словы. Несумнеўны творчы поспех.

Падман года

Абраць пераможцу гэтай намінацыі было складана. Нас ашукваюць ужо шмат гадоў. Абяцалі годныя зарплаты і нябедную старасць, бясплатную медыцыну і адукацыю, ільготы і жыллё для тых, хто ў ім мае патрэбу, вялікія магчымасці і перспектывы. Краіна між іншым як ніколі блізкая да эканамічнага калапсу, а людзі – да галечы. Але самым, мабыць, грандыёзным падманам, параўнальным хіба што з «МММ» і верным яму Лёнем Галубковым, стала праславутае вяртанне савецкіх укладанняў, якое ператварылася ў вялікую дзірку ад абаранка.

У 1994 годзе адным з асноўных пунктаў перадвыбарнай праграмы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі было «кампенсаванне згубленых грашовых укладанняў насельніцтва па курсе рубля-даляра за 1985 год» (то бок за адзін савецкі рубель адзін даляр ЗША). Прычым летуценнік і фантазёр Аляксандр Рыгоравіч абяцаў вярнуць частку гэтых укладанняў халадзільнікамі і тэлевізарамі. Ён, пэўна, уяўляў сабе, як спецыяльна нанятыя сотні тысяч грузчыкаў пыхкаюць пад цяжарам халадзільнікаў, якія трэба данесці да кожнай сялянскай хаты… Бо ўкладанні «згарэлі» ва ўсіх, хто ўвогуле жыў у час СССР. Выбару ў савецкіх грамадзян не было. І кожны зэканомлены рубель яны неслі ў ашчадкасу ў надзеі назапасіць на той жа халадзільнік. Каму пашанцуе – на машыну.

У 1998 годзе ўсе той жа Аляксандр Лукашэнка выдаў спецыяльны ўказ, згодна з якім кампенсаванні павінны былі быць выплачаныя да 1 студзеня 2008 года. І сёння, праз 14 гадоў яго недарэчных фантазій, якія ўвасобіць у жыццё не здолеў бы нават Дэвід Каперфілд, беларусаў, якія не атрымалі ні грошай, ні тэлевізараў і паспеўшых махнуць рукой на бессэнсоўныя абяцанні правадыра, якія ніколі не выконваюцца, сталі запрашаць у «Беларусбанк». Высвятляецца, мудры ўрад пад кіраўніцтвам не менш мудрага лідэра ўсё-ткі знайшоў магчымасць вярнуць ім укладанні! І сапраўды, знайшоў. Вось толькі курс… У прыстойным грамадстве нават казаць пра гэта неяк нязручна… Увогуле, за 500 савецкіх рублёў даюць… 999 беларускіх. Для параўнання: праезд у метро ўжо каштуе 600 рублёў. То бок, за 10.000 савецкіх рублёў, на якія ў васьмідзесятыя можна было пабудаваць двухпакаёвую кааператыўную кватэру або купіць дзве машыны, прапаноўваецца менш за 10 даляраў. Збіралі гадамі на кватэру – атрымайце кавалак каўбасы і заткніцеся. На жаль, менавіта такая сёння пазіцыя ўлады па дачыненні да народа.

А праблема ж вырашальная. Эканамісты спрабавалі падказаць Лукашэнку: адплаціцца можна! Вяртайце грошы ў квадратных метрах, скажам, дзяржаўнай уласнасці або зямлі. Кожны чалавек пагодзіцца, калі яму дадуць два гектары зямлі за яго 10 тысяч рублёў або цэлы паверх у новым доме. Але Лукашэнка эканамістаў не слухае. Яму здаецца, што народ з'есць, не падавіўшыся, усё, пачынаючы з таго самага кавалка каўбасы за 10.000 савецкіх рублёў і канчаючы галечай на фоне пампезных лёдавых палацаў. Што самае дзіўнае – пакуль так яно і адбываецца. Можа, час абараняцца?..

Прагноз года

І ўсё-ткі перамены адбываюцца нават у самым затхлым грамадстве. У пакрытым цвіллю брэжнеўскім СССР, калі словы «застой» і «стагнацыя» былі адзінымі дакладнымі азначэннямі для сітуацыі ў краіне, ніхто і выказаць здагадку не мог, што пройдзе ледзь больш як дзесяць гадоў, і Савецкі Саюз паваліцца, як картачны домік. І ў Беларусі перамены немінучыя. У такім стане краіна больш існаваць не можа. Нават размяшчэнне зорак гаворыць на карысць перамен. Прычым, на думку астролагаў, перамен у Беларусі чакаць засталося нядоўга: яны пачнуцца ў наступным годзе.

Расейскія астролагі Павел Глоба і Рыгор Кваша прагназуюць, што 2008 год стане самым складаным для Аляксандра Лукашэнкі: яго чакаюць змовы ў бліжэйшым асяроддзі, эканамічная нестабільнасць і, магчыма, адстаўка.

Рыгор Кваша прытрымліваецца меркавання, што 2008 год стане выпрабаваннем для палітычных лідэраў, якія нарадзіліся ў год Каня. Гэта Лукашэнка, Юшчанка, Кандаліза Райс і Ангела Меркель. Прычым зорны расклад для Лукашэнкі – самы неспрыяльны з усіх «коней».

«Усе палітыкі, якія нарадзіліся ў год Каня, маюць шанцы шмат што страціць і нарабіць вялікіх памылак. Гэта можа адбіцца і на дзяржаве, таму ім лепш усяго адысці ад улады і замест сябе паставіць каго-небудзь, а самім адысці ў цень. А у Лукашэнкі ўвогуле вельмі небяспечная сітуацыя: адзін раз ён ужо прайшоў кармічны год у 1996 годзе, але вельмі няўдала. Другім разам яго прайсці яму проста не дадуць. Таму ў наступным годзе Беларусь будзе стаяць пад вельмі сур'ёзным і трывожным пытаннем», – сказаў Кваша. Нагадаем, што ў 1996 годзе дэпутаты Вярхоўнай Савета сабралі подпісы за імпічмент Лукашэнкі, і заставалася толькі правесці гэтую працэдуру на пасяджэнні. Лукашэнку тады выратавалі Віктар Чарнамырдзін, Ягор Строеў і Генадзь Селязнёў, якія дэсантаваліся ў Менску і пасля доўгіх гутарак пераканалі добрых беларускіх дэпутатаў не знішчаць Лукашэнку. Як вынікае з прагнозу Квашы, у наступным годзе на дапамогу да Лукашэнкі не прыйдзе ніхто.

Прагноз Паўла Глобы практычна супадае з прагнозам Рыгора Квашы. Праўда, Глоба спрагназаваў нават дэталі будучай адстаўкі Лукашэнкі. Паводле яго слоў, Лукашэнка стане ахвярай «ціхай паўзучай змовы» ва ўласным асяродку. Ён толькі не ўдакладніў, ці скончыцца змова смяротным зыходам для Лукашэнкі.

Можна верыць ці не верыць астролагам. Але спружыны штучнага стрымлівання курсу рубля, эканамічнага крызісу і проста чалавечага цярпення сёлета сціснуліся да мяжы. І у наступным годзе ўсё гэта стрэліць. Падарвецца без усякіх астралагічных прагнозаў. Адзіны шанец для Лукашэнкі пазбегнуць выбуху – гэта пачаць нарэшце рэформы, вызваліць палітвязняў і прыняць 12 прапаноў Еўразвяза. Інакш яго не выратуюць ні зоркі, ні ўласная ахова.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках