10 чэрвеня 2026, Серада, 3:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы пакажуць у Венесуэле тэхніку і гарэлку

Амаль 400 беларусаў размясціліся ў самых прэстыжных гатэлях Каракаса. У пятніцу, 7 снежня, тут пачне працаваць выстава “Экспаферыя Беларусь-2007”. Беларусы прывезлі ў Венесуэлу ну, літаральна, усё. Больш як 200 прадпрыемстваў пакажуць нашы машыны, тэхніку, тэлевізары, халадзільнікі, шкло, крышталь, шакалад, піва, гарэлку… Цяпер на ўсю моц ідзе дастаўка грузаў, мантаж. Працаваць цяжка – у Каракасе плюс 30 і высокая вільготнасць.

Не абыдзецца і без духоўнай ежы. Паводле дадзеных «КП в Беларуси», у Венесуэлу збіраецца Ірына Дарафеева з сваім тэатрам, «Харошкi», «Пясняры» і «Сябры».

З раніцы за беларусамі прыязджае транспарт, вязе на выставу, увечары – прывозіць. Так робяць не толькі для зручнасці, але і для бяспекі.

– Ёсць праблемы з злачыннасцю, – распавёў беларус, які ўжо некалькі разоў быў у Венесуэле. – Хоць, па лацінаамерыканскіх мерках, Венесуэла не горшы варыянт! У Калумбіі да вас можа падысці патруль, пакласці на асфальт і прыставіць аўтамат да патыліцы! Так і было з расейскім «Балетам на лёдзе», бедныя… У Каракасе памятаю выпадак, калі мясцовыя прынялі беларусаў за амерыканцаў і хацелі пабіць. Потым высветлілі: «русас, Пуцін!» Беларусаў там не вельмі ведаюць… У выніку павялі ў бар частаваць! Так што аднаму лепш не хадзіць. А ёсць раёны, куды лепш не совацца ўвогуле.

Рэкламаваць Беларусь прыедзе і Аляксандр Лукашэнка, хоць дакладную дату візіту пакуль не агучылі. Нагадаем, да яго візіту ў Венесуэле збіраюцца здабыць першую “беларускую” нафту ў басейне ракі Арынока..

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

– Нам выдзелілі цэлы тэатр для прадстаўлення Беларусі!

«КП в Беларуси» датэлефанавалася да Уладзіміра Грушэвіча, часовага паверанага ў справах Беларусі ў Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла:

– Усё ідзе ў вельмі добрым рытме, сёння прыбылі 100 чалавек, да 6 снежня ўсе будуць прыязджаць. Выстава адна з самых буйных у рэгіёне. Мы атрымоўваем вялізную дапамогу ад венесуэльскага боку ў асобе адной з найбуйнейшых нафтавых кампаній.

–Да вас едуць нашы артысты. Дзе яны будуць выступаць?

– Будуць канцэрты на выставе. Нам выдзелілі адзін з самых вялікіх у Каракасе тэатраў! У яго зале ўсё пройдзе, праграма ўдакладняецца. Цяпер рыхтуем запрашэнні.

– Хто рассяляе беларусаў? Кажуць, выдзелілі і транспарт, і ахову?

– Вядома, усё гэта ёсць. Ва ўсім дапамагае венесуэльскі бок.

«У Венесуэле ніколі не ведаеш, ці вернешся пасля працы дамоў!»

Кацярына Канавалава выйшла замуж за венесуэльца і 12 гадоў пражыла ў Каракасе. Але заставацца там больш не магла.

– Я з'ехала з Венесуэлы разам з сынам, таму што мне было страшна за яго будучыню, – распавядае яна. – Там рэальна небяспечна хадзіць па вуліцах, людзі жывуць бедна, узровень злачыннасці вельмі высокі! Мой муж працаваў службоўцам у гатэлі, ездзіў на працу на матацыкле. Аднойчы ўвечары вярнуўся збітым, без матацыкла. На наступны дзень адправіўся на працу на ровары – аднялі і яго! Паехаў на грамадскім транспарце – зноў збілі, выкралі партфель… Рашэнне з'ехаць у Менск, дзе ў мяне засталіся сваякі, спела доўга, бо ў мяне была добрая праца – я была масажысткай у салоне, а ў Венесуэле, дзе куюцца галоўныя кадры для конкурсаў накшталт «Міс свету», індустрыя прыгажосці прыносіць нядрэнныя грошы. Усё ж з'ехала, зняла кватэру, знайшла працу, аформіла від на жыхарства. Спадзявалася і мужа сюды перавезці, але, на жаль, нашы стасункі не вытрымалі праверкі расстаннем… Але я ні пра што не шкадую хаця б таму, што магу спакойна адправіць сына-падлетка ў школу аднаго і не баяцца за яго жыццё.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках