9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адзін з лідэраў прадпрымальнікаў выйшаў на волю

5 снежня пасля 7-сутачнага адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю прадпрымальнік Аляксандр Таўстыка.

Нагадаем, што Аляксандра Таўстыку разам з іншым прадпрымальнікам, Русланам Луцэнкам, затрымалі за распаўсюджванне ўлётак, якія заклікаюць выйсці 10 снежня на Кастрычніцкую плошчу на акцыю пратэсту супраць указу № 760. Руслану сядзець яшчэ 3 сутак; Аляксандра сустракалі больш як два дзесяткі чалавек, у асноўным актывісты моладзевых і прадпрымальніцкіх рухаў, паведамляе прэс-служба АГП.

Каб гэтая сустрэча не адбылася, Аляксандра выпусцілі на паўтары гадзіны раней, чым было адзначанае ў пратаколе. Нават не проста выпусцілі, а літаральна выпхнулі, – спасылаючыся на нейкія «санітарныя мерапрыемствы». Адбылося гэта ў 16-10 (па пратаколе трэба было ў 17-45). Такім чынам, паўтары гадзіны Аляксандр сядзеў на прыступках турмы на вул. Акрэсціна. Ён не сумняваецца, што ўсё гэта было зробленае для таго, каб прадухіліць сустрэчу. Тым не менш, гэтая мэта дасягнутая не была: Аляксандра Таўстыку сустрэлі ўрачыста, з кветкамі і шампанскім.

З прычыны таго, што моладзь разгарнула бел-чырвона-белыя сцягі – была прыцягнутая ўвага мінакоў. Людзі задавалі пытанне: «Калі ўжо вас перастануць чапаць?» Падышоў чалавек, які з'яўляецца акрэсцінскім «рэцыдывістам», і таксама пацікавіўся: «Калі ўжо гэта скончыцца? Я паўгода таму тут сядзеў – вашы былі; цяпер – зноў вашы сядзяць!» Пытанні, трэба зазначыць, відавочна не па адрасе.

А.Таўстыка распавёў, што ў камеры з ім знаходзіліся ад 7 да 9 чалавек, пераважна па дробных крадзяжах.

Цікава, што сёння ў камеру да Таўстыкі прыходзіў чалавек, які прадставіўся чамусьці следчым: ён прыносіў Аляксандру «папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння парадку правядзення масавых мерапрыемстваў», якое прапаноўваў падпісаць. А.Таўстыка – адзін з заяўнікаў прадпрымальніцкай акцыі 10 снежня на Кастрычніцкай плошчы; Менгарвыканкам, як водзіцца, дазволіў акцыю на плошчы Бангалор. Таўстыка, спаслаўшыся на канстытуцыйную свабоду шэсцяў і мітынгаў, падпісаць папярэджанне адмовіўся.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках