Улады могуць дазволіць Еўрапейскі Марш
9- 26.09.2007, 14:28
Верагодна, не пазбаўленая сэнсу тэорыя затрыманага напярэдадні Віктара Івашкевіча, які казаў пра групоўкі ў сістэме ўлады – «прарасейскую» і «празаходнюю», якія супрацьстаяць адна адной. Прыкладаў, якія пацвярджаюць гэтую тэорыю, ужо набралася дастаткова і ўсе яны ідэнтычныя: як толькі афіцыйны Менск спрабуе падаць сігнал Еўропе, яго тут жа нівелююць чарговай партыяй затрыманняў дэмакратычных актывістаў. Правая рука ва ўладзе не ведае, што робіць левая.
Гісторыя з затрыманнем і змяшчэннем у выцвярэзнік аднаго з арганізатараў Еўрапейскага Марша Віктара Івашкевіча і намесніка старшыні Партыі камуністаў беларускай Валерыя Ухналёва цалкам укладваецца ў рамкі гэтай загадкавай канструкцыі.
Як вядома, ініцыятары Еўрапейскага Марша, запланаванага на 14 кастрычніка, стварылі спецыяльную перамоўную групу, якая спрабуе дамовіцца з уладамі наконт бесканфліктнага правядзення Еўрапейскага Марша. Зрэшты, увесь дыялог паміж уладай і апазіцыяй па гэтым пытанні пакуль ідзе праз пошту і факс, з дапамогай якіх на імя намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч быў высланы ліст з прапановамі.
Па сутнасці, дэмсілы бяруць на сябе ролю адвакатаў афіцыйнага Менска перад Еўразвязам і гатовыя, так сказаць, дапамагчы ўладам наладзіць з Еўропай той самы дыялог. Але пры ўмове, што ўлада пойдзе на пэўныя саступкі іх патрабаванням.
Затрыманне Івашкевіча і Ухналёва, здавалася б, у раз перакрэслівае надзеі апазіцыі на спрыяльнае для сябе развязанне гэтага пытання і чарговым разам пераконвае ў нязменнасці пазіцый улады, гатовай на ўсё, каб не дапусціць масавых вулічных акцый.
Але ў гэтай гісторыі ёсць і іншы аспект. Як стала вядома «Белорусским новостям», у Адміністрацыі прэзідэнта яшчэ да канца гэтага тыдня павінна прайсці спецыяльную нараду з нагоды Еўрапейскага Марша. І, як сцвярджае крыніца выдання, ёсць вялікія падставы казаць пра тое, што, хутчэй за ўсё, улады дадуць «дабро» на яго правядзенне.
Сёння, разважаючы пра прычыны такога магчымага рашэння, можна дапускаць усё, што хочаш. Аж да таго, што афіцыйны Менск паспеў для пачатку поўнамаштабнага дыялогу з Еўразвязам і гатовы выканаць яго пэўныя патрабаванні. Але псуюць карціну тыя самыя, затрыманні дэмакратычных актывістаў, якія здараюцца, здавалася б, у самы непрыдатны момант і на якія вельмі аператыўна і востра рэагуюць у Брусэлі.
.