Кіраўнік Камрэлігій схадзіў да пратэстантаў
- 27.09.2007, 10:06
26 верасня ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка наведаў менскую царкву "Новае жыццё" Аб'яднання суполак хрысціянаў поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь.
Як паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін, падчас візіту, які працягваўся паўтары гадзіны, Л.Гуляка азнаёміўся з будынкам царквы, размешчаным па вуліцы Кавалёва, 72, і выказаў задавальненне станам храма, у якім, па словах службоўцы, "створаныя ўсё ўмовы для людзей".
Падчас гутаркі з біскупам аб'яднання і старэйшым пастарам царквы Вячаславам Ганчарэнкам Л.Гуляка падняў праблему гатоўнасці кіраўніцтва рэлігійнай суполкі да перамоваў з Менскім гарвыканкамам па комплексе пытанняў, якія адносяцца да будынка храма і зямельнага ўчастку, дзе размяшчаецца святыня. "Кіраўніцтва царквы падкрэсліла, што гатова да канструктыўных стасункаў", – сказаў С.Луканін.
Паводле яго слоў, Л.Гуляка цікавіўся ходам кампаніі па зборы подпісаў за змяненне рэлігійнага заканадаўства і выказаў меркаванне, што дзейнае беларускае заканадаўства ў гэтай галіне "калі і не з'яўляецца ідэальным, то па асобных пытаннях не саступае заканадаўству самых дэмакратычных краін". "З свайго боку, кіраўніцтва царквы адзначыла наяўнасць сур'ёзных праблем у шэрагу палажэнняў закона "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях", якія выклікаюць напружанасць у стасунках паміж вернікамі і ўладамі. Вось чаму мы прапанавалі стварыць працоўную групу з прадстаўнікоў вернікаў і службоўцаў для абмеркавання праблемных палажэнняў заканадаўства. Аднак па гэтым пытанні ўзаемаразумення пакуль не было дасягнутае", – адзначыў С.Луканін.
Ён пазітыўна расцаніў візіт Л.Гулякі і выказаў надзею, што сустрэча "адчыняе дзверы для рэальных стасункаў з уладамі".
Нагадаем, з 18 кастрычніка 2006 года Вышэйшы гаспадарчы суд разглядае пазовы царквы аб прызнанні пазапраўным рашэння Мінгарвыканкама ад 17 жніўня 2005 года аб пазбаўленні суполкі зямлі і будынка па Кавалёвай, 72; аб перапрафіляванні будынка кароўніка ў культавы і змяненне мэтавага прызначэння зямельнага ўчастку, а таксама аб спагнанні з Менгарвыканкама шкоды, панесенай царквой, у памеры ўсіх сум дзяржпошліны, выплачанай істцом цягам мінулага года ў сувязі з абскарджаннем рашэння гарадскіх улад. Апошняе судовае паседжанне пад старшынствам суддзі Кацярыны Караткевіч адбылося 22 сакавіка, а разгляд гэтай справы ў ВГС быў прыпынены 23 сакавіка.
Летась каля 200 пратэстантаў праводзілі цягам трох тыдняў галадоўку з патрабаваннем вярнуць ім будынак храма.