9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даўгі Беларусі набліжаюцца да 10 мільярдаў даляраў

Даўгі Беларусі набліжаюцца да 10 мільярдаў даляраў

Беларусь не валодае рэзервовымі актывамі, дастатковымі для ўстойлівага развіцця эканомікі і стабільнасці нацыянальнай валюты. Агульная велічыня знешняга доўгу краіны павялічылася за паўгоддзе на 2,5 млрд даляраў, або амаль на 38%, і на 1 ліпеня дасягнула 9,3 мільярды даляраў ЗША. Гэта значыць, назіраецца галапуючы рост знешняй запазычанасці. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце «Народная воля» заявіў экс-старшыня Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, удзельнік перамоўнай групы аргкамітэта Еўрапейскага Марша Станіслаў Багданкевіч.

На пачатак 2007 года золатавалютныя рэзервы дасягнулі (у вызначэнні Міжнароднага валютнага фонду) 1,4 млрд даляраў ЗША, з іх манетарнае золата – 314 млн (25,2 т) і валюта – 1067 млн. даляраў. Дзяржаўныя валютныя актывы Нацыянальны банк Беларусі назапашвае пераважна ў далярах ЗША, еўра і з 1 верасня 2006 года – у расейскіх рублях. Рэзервы інвестуюцца ў высокаліквідныя грашовыя інструменты (казначэйскія вэксалі, аблігацыі, акцыі, дэпазіты) на сусветным фінансавым рынку, галоўным чынам у ЗША і краінах ЕЗ. Цяпер прыкладна 63% усіх валютных рэзерваў, размешчаных у замежных банках, складаюць даляры ЗША, 25% – еўра, 12% – іншыя валюты.

«У апошнія гады ў развіцці эканомікі Беларусі, нягледзячы на мільярдныя расейскія субсідыі ў форме льготных цэнаў на энерганосьбіты і выключна спрыяльную знешнюю кан'юнктуру на рынку нафтапрадуктаў, угнаенняў і металаў, назіраюцца буйныя дыспрапорцыі. За 2006 год дэфіцыт гандлёвага балансу па таварах склаў значную велічыню ў 2,4 млрд даляраў ЗША. Дзякуючы станоўчаму сальду па паслугах (812 млн), а таксама трансферту (182 млн) агульны дэфіцыт наяўнага рахунку быў паніжаны да 1,5 млрд даляраў, што, аднак, складае рэкордную велічыню дэфіцыту за ўсе гады незалежнага існавання Беларусі. Ва ўмовах глыбеючага крызісу ў знешнім гандлі ўрад краіны спрабуе вырашыць праблему фінансавага дэфіцыту не столькі шляхам нарошчвання экспарту і скарачэння імпарту, прыцягнення прамых інвестыцый, колькі пасродкам крэдытаў і пазык, якія неабходна будзе вяртаць. Дэфіцыт фінансаў у 2006 годзе быў перакрыты за кошт знешніх крэдытаў і пазык у суме 1,7 млрд даляраў, а таксама – у аб'ёме 332 млн даляраў (што вельмі мала) – прамымі і партфельнымі знешнімі інвестыцыямі ў эканоміку. У выніку, сукупны знешні доўг краіны павялічыўся за год на 34,2%, склаўшы на пачатак 2007 года суму ў 6,7 млрд даляраў ЗША. Дзякуючы гэтаму памер валютных рэзерваў паменшыўся за год толькі на 38,4 млн даляраў, гэта значыць, панізіўся з 1105,6 да 1067,2 даляраў ЗША», – адзначыў Багданкевіч.

Па словах эксперта, за першае паўгоддзе гэтага года імпарт тавараў перавысіў памер экспарту больш за на 1,5 млрд даляраў. З улікам паслуг і іншых фактараў агульны дэфіцыт бягучага рахунку склаў за паўгоддзе 1 мільярд даляраў. У той самы час камерцыйнымі банкамі краіны ў гэтым паўгоддзі было прыцягнутае ад замежных структур рэсурсаў на 1,2 мільярды даляраў, у тым ліку доўгатэрміновых (на тэрмін звыш аднаго года) – толькі 179 мільёнаў. Агульная велічыня знешняга доўгу краіны павялічылася за паўгоддзе на 2,5 млрд даляраў, або амаль на 38%, і на 1 ліпеня г.г. дасягнула 9,3 мільярды даляраў ЗША. То бок назіраецца галапуючы рост знешняй запазычанасці.

Дзякуючы паступленню валютных сродкаў ад продажу часткі акцый ААТ “Белтрансгаз” (625 мільёнаў), а таксама далейшым знешнім запазычанням (Нацыянальным банкам набытае замежнай валюты ў памеры 458 млн даляраў ЗША) павелічэнне рэзерваў забяспечанае. Па стане на 1 верасня іх памер дасягнуў 1,8 млрд даляраў ЗША. Але паколькі аб'ём імпарту сёння ў сярэднім перавышае 2 млрд даляраў ЗША, а плацяжы па кароткатэрміновых і доўгатэрміновых абавязальніцтвах дзяржавы і карпарацый краіны складаюць з разліку за год парадку 7 млрд, валютныя рэзервы, якія не дасягнулі нават месячнага ўзроўню імпарту, з'яўляюцца вельмі недастатковымі. Мінімальны памер рэзерваў, якія гарантуюць пажаданую бяспеку беларускай фінансавай сістэмы, складае дзесьці 13 млрд даляраў. Калі ўлічыць прагназаваны рост імпарту і знешняга доўгу краіны, а таксама абясцэньванне даляра на сусветным фінансавым рынку, аб'ём рэзерваў да 2011 года варта б было давесці да 20 мільярдаў.

«Разам з тым нарошчванне рэзерваў за кошт знешніх крэдытаў і пазык ва ўмовах працягнення дэфіцыту гандлёвага балансу мае свае межы. Найперш эканамічныя – у сувязі з ростам сумы працэнтаў за крэдыты і, акрамя таго, непазбежнага павелічэння памераў плацяжоў па звароце крэдытаў, якія з часам могуць перавысіць аб'ёмы знешняга запазычання. Тым больш што асноўны аб'ём знешніх крэдытаў (да 80%) камерцыйныя банкі і суб'екты гаспадарання атрымліваюць на кароткатэрміновай аснове», – паведаміў Станіслаў Багданкевіч.

Зыходзячы з дапушчэння, што цэны на энерганосьбіты працягнуць расці, а неабходныя структурныя рэформы не будуць вырабляцца, дэфіцыт па наяўным рахунку дасягне ўзроўню ў 7—8% ВУП. У сувязі з гэтым, па разліках экспертаў Міжнароднага валютнага фонду, знешні доўг Беларусі да 2009 года можа дасягнуць 37,1% ВУП, а да 2011 года – 50% ВУП.

На думку Багданкевіча, выхад з наяўнай крызіснай сітуацыі варта шукаць у падвышэнні эфектыўнасці эканомікі, паніжэнні энерга- і матэрыялаёмістасці, паляпшэнні канкурэнтаздольнасці. Гэтага немагчыма дасягнуць без карэннага рэфармавання эканамічных стасункаў, істотнага змянення таварнай структуры экспарту і імпарту. Эканамічная палітыка павінна ў большай ступені быць накіраваная на падвышэнне ўзроўню сваёй самадастатковасці. Доля імпарту ў ВУП краіны ў апошнія гады складае амаль 70%, што нельга лічыць прымальным. У той самы час доля імпарту спажывецкіх тавараў у складзе ўсяго імпарту складае ўсяго парадку 15–17%. Наша экспартаваная прадукцыя мае высокую долю імпартуемай сыравіны, што стварае перадумовы для перманентнай няўстойлівасці эканомікі, залежнасці ад знешніх сілаў. Аднак скарачэнне аб'ёмаў імпарту неадкладна прывядзе да падзення тэмпаў росту ВУП і памераў экспарту. Гэта найперш тычыцца нафтаперапрацоўчай галіны, дзе назіраецца высокая ступень залежнасці экспарту ад аб'ёмаў імпарту. Тое ж тычыцца і да ўсёй эканомікі, якая выкарыстоўвае у якасці галоўнай крыніцы энергіі расейскі газ, што даражэе.

«Задача паніжэння энергаёмістасці асабліва актуальная ў святле падаражання газу, якое мае быць, з 100 да 250–300 даляраў у перыяд да 2011 года. Таму іншага выхаду з глыбеючага эканамічнага крызісу, акрамя рынкавага рэфармавання эканомікі, тэхналагічнага і тэхнічнага пераўзбраення, мадэрнізацыі цяперашняй структуры вытворчасці ў кірунку большай яго адпаведнасці нацыянальным рэсурсам, росту прадукцыйнасці, якія патрабуюць адмовы ад выдатковай, адміністрацыйна-мабілізацыйнай лукашэнкаўскай мадэлі гаспадарання, на наш погляд, не існуе. У святле вышэйзгаданых дадзеных, заснаваных на афіцыйных матэрыялах, размешчаных на ўрадавых сайтах, заявы Аляксандра Лукашэнкі тыпу “Наша фінансавая сістэма “нестабільная” толькі для дамарослых эканамістаў-апазіцыянераў” дыскрэдытуюць у вачах грамадскасці толькі аўтара такіх заяў і, зразумела, у цэлым дзейную ўладу», – адзначыў Багданкевіч.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках