9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры пікеты дазволілі, 400 – забаранілі

З заяўленых 458 сацыяльных пікетаў, прызначаных на 30 верасня, улады Беларусі пакуль дазволілі толькі тры. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні Партыі камуністаў беларускай Валеры Ухналёў. Паводле яго слоў, адказы атрыманыя на 90% заявак. "Дазваленчыя адказы на пікеты – два ў Берасце і адзін у Наваградку. Усе астатнія заяўкі атрымалі адмоўны адказ", – паведаміў В.Ухналёў. Пакінутыя без адказу 10% заявак – гэта заяўкі ў рэгіёнах на месцы, якія спецыяльна прызначаныя мясцовай адміністрацыяй для такіх акцый.

"Што тычыцца Менска, то і на дазволеныя месцы мы атрымалі стандартныя адказы: і ў парку імя 50-годдзя Кастрычніка, і на плошчы Бангалор нашы пікеты "створаць перашкоды для пешаходнага і транспартнага руху". Цікава, які можа быць транспартны рух у парку імя 50-годдзя Кастрычніка", – адзначыў В.Ухналёў.

Як заявіў палітык, тым не менш арганізатары акцый маюць намер правесці пікеты. "Вядома, не ўсе, не 458. Але людзі прыйдуць. Зразумела, яны не прыйдуць да месцаў, на якія пікеты былі заяўленыя, – гэта аўтаматычна кваліфікавалася б як арганізацыя несанкцыянаванай акцыі. Але, несумнеўна, яны выйдуць на вуліцы, будуць раздаваць сваім суайчыннікам інфармацыйныя матэрыялы, незалежную прэсу, збіраць подпісы пад зваротамі да дэпутатаў, якія фактычна і пазбавілі іх ільгот… Увогуле, могуць быць самыя розныя формы стасункаў з людзьмі. Дарэчы, спецыяльна хачу адзначыць: усе інфармацыйныя матэрыялы і газеты выдадзеныя згодна з дзейным заканадаўствам і маюць адпаведныя выходныя дадзеныя", – сказаў В.Ухналёў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках