Бэніта Фэрэра-Вальднэр вітае правядзенне Еўрапейскага маршу ў Мінску
- 27.09.2007, 14:50
«Я вітаю ініцыятыву грамадзянскай супольнасці Беларусі правесці 14 кастрычніка ў Мінску Еўрапейскі марш з тым, каб прадэманстраваць зацікаўленасць беларускага народа ва ўсталяванні шчыльных стасункаў паміж Беларуссю і ЕЗ», - заявіла сёння Камісар па знешніх дачыненнях ЕЗ і еўрапейскай палітыцы суседства Бэніта Фэрэра-Вальднэр.
“Прыемна бачыць, што грамадзянская супольнасць Беларусі пазітыўна адгукнулася на прапановы ЕЗ распачаць паўнавартаснае партнерства пры ўмове, што беларускі ўрад зробіць істотныя крокі на шляху дэмакратызацыі. У гэтай сувязі ў мяне выклікаюць заклапочанасць паведамленні пра затрыманні арганізатараў мірнага Еўрапейскага маршу», -- заявіла Камісар ЕЗ.
“Я чакаю, што беларускія ўлады будуць дзейнічаць у адпаведнасці з іх нядаўна зноў пацверджанай пазіцыяй наконт збліжэння з ЕЗ. Згаданыя дзеянні супярэчаць такой пазіцыі. Я настойліва заклікаю беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх асобаў, затрыманых па палітычных матывах, і паважаць фундаментальнае права беларускага народа на свабоду выказвання і свабоду сходаў, уключаючы марш 14 кастрычніка”, -- сказала Беніта Фэрара-Вальднэр.