У Нью-Ёрку Мартынаў змог сустрэцца толькі з калегамі з Расеі, Нікарагуа і Маўрыкія
- 27.09.2007, 17:44
Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў сустрэўся ў Нью-Ёрку, дзе праходзіць 62-я сесія Генеральнай асамблеі ААН, з сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў 27 верасня на чарговым брыфінгу ў знешнепалітычным ведамстве. Нагадаем, С.Мартынаў накіраваўся ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў сесіі 25 верасня.
Міністры замежных спраў Беларусі і Расеі, паведаміў прэс-сакратар, абмяняліся меркаваннямі па шырокім коле пытанняў парадку дня Генасамблеі ААН.
25 верасня, у першы дзень візіту ў Нью-Ёрк, С.Мартынаў сустрэўся з старшынёй Генеральнай асамблеі ААН Срджанам Керымам. Паводле інфармацыі А.Папова, бакі абмяняліся меркаваннямі наконт практычных шляхоў актывізацыі і ўзмацнення ролі Генасамблеі, магчымасцях пашырэння ўдзелу дзяржаў – сябраў ААН у барацьбе супраць гандлю людзьмі.
Цягам першага дня візіту С.Мартынаў сустрэўся таксама з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Дамініканскай Рэспублікі, Рэспублікі Карэя, Сірыі, Амана, Маўрыкія, Нікарагуа. Міністры абмеркавалі надзённыя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, у найперш у гандлёва-эканамічнай галіне, а таксама перспектывы пашырэння канструктыўнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ў рамках ААН, адзначыў прэс-сакратар МЗС.