Мінабароны Беларусі турбуецца пра палякаў
- 28.09.2007, 11:17
Сёння кіраўнік Мінабароны Беларусі Леанід Мальцаў па выніках паседжання Савета міністраў ОДКБ заявіў пра тое, што разгортванне элементаў проціракетнай абароны ЗША зблізку беларускай мяжы (у Польшчы) можа абярнуцца непрадказальнымі наступствамі; база ПРА паставіць пад прамую пагрозу польскую тэрыторыю.
"Парушэнне балансу сілаў у Еўропе заўсёды прыводзіць да непрадказальных наступстваў. Найбольшую небяспеку гэта прадстаўляе для тых краін, на тэрыторыі якіх размяшчаюцца такія сістэмы (элементы ПРА ЗША), бо яны з'яўляюцца аб'ектамі першачарговых (адказных) удараў", – сказаў Мальцаў.
На думку Мальцава, любое размяшчэнне любых груповак заўсёды нясе ў сабе ваенную небяспеку. Таму стаўленне да пашырэння амерыканскай ПРА адназначна адмоўнае, адзначыў ён.
Як заявіў кіраўнік вайсковага ведамства Беларусі, вырашыць такую праблему трэба, улічваючы меркаванні ўсіх зацікаўленых бакоў, у тым ліку і краін – удзельніц Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.