Журналістку абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі
- 28.09.2007, 17:10
Пазаштатнага карэспандэнта недзяржаўнай газеты “Брестский курьер” Настассю Мялешку, якая па заданні рэдакцыі прысутнічала 19 жніўня на прэзентацыі кнігі П. Севярынца “Лісты з лесу”, суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе.
26 верасня суддзя Вольга Смірнова, кіруючыся арт. 23.34 ч.1 КаАП (парушэнне вызначанага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў), вынесла журналістцы папярэджанне.
Аргументы Настассі Мялешкі пра тое, што ўдзельнічала яна ў прэзентацыі па рэдакцыйным заданні, а таксама прадстаўленыя як пацверджанне гэтага газетныя публікацыі суддзя Смірнова не прыняла да ўвагі. Яна заявіла, што, калі журналістка не працуе ў штаце выдання, то не лічыцца супрацоўнікам газеты.
Нагадаем, 4 верасня аналагічнае папярэджанне суддзя Смірнова вынесла сябру БАЖ Любові Праневіч.
Між тым, арт. 39 Закона “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” гарантуе журналісту права прысутнічаць на месцы грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю.