Улёткі супраць адмены льгот канфіскуюць
- 30.09.2007, 17:33
Сёньня ў Сьветлагорску міліцыянты затрымалі актывістак ПКБ Сьвятлану Міхальчанка і Вольгу Янкоўскую , якія распаўсюджвалі ўлёткі зь інфармацыяй пра адмену льгот.
У горадзе плянавалася правесьці 11 сацыяльных пікетаў, аднак усе яны былі забаронены ўладамі.
“Мы і не пашлі на тыя месцы, дзе меркавалі правесьці пікеты. Мы ўзялі ўлёткі і пайшлі на “Маладзёжны” рынак. Я стаяла з партфэлем і ў мяне было больш за 300 улётак. Я ніякіх дзеяньняў не прадпрымала. Аднак міліцыянты адвялі ў апорны пункт”, -- паведаміла “Радыё Свабода” Сьвятлана Міхальчанка.
Вольга Янкоўская мела з сабой каля 20 ўлётак і пасьпела некалькі зь іх раздаць на рынку. Яе таксама затрымалі.
У абедзьвюх жанчын правялі дагляд асабістых рэчаў і сканфіскавалі ўлёткі.
Потым выклікалі сьледчага і правяліператрус на кватэры. Міліцыянты знайшлі на кватэры, дзе жывуць спадарыні Міхальчанка і В.Янкоўская яшчэ сем улётак. Яны таксама былі сканфіскаваныя.
Паводле С.Міхальчанкі, яе вінавацяць у адміністрацыйным правапарушэньні, у распаўсюдзе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі.