За адсутнасць рэгістрацыі выганяць з Менска не будуць
- 10.01.2008, 8:55
Ужо 9 дзён беларусы жывуць без прапіскі, замененай указам прэзідэнта № 413 ад 7 верасня 2007 года «Аб удасканаленні сістэмы ўліку грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання» на рэгістрацыю. Пра яе асаблівасці і ўсё-ткі наяўныя адрозненні ад прапіскі 9 студзеня падчас онлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі казаў намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Анатоль Ланін.
Для рэгістрацыі па месцы жыхарства або месцы знаходжання трэба звяртацца ў ЖЭС. Туды падаюць неабходныя дакументы і там жа атрымліваюць пашпарт з штампам аб рэгістрацыі па месцы жыхарства альбо сведчанне аб рэгістрацыі па месцы знаходжання, пішуць «Белорусские новости».
Як сказаў Анатоль Ланін, «ніякай залішняй цяганіны пры рэгістрацыі простаму абывацелю не будзе. Наадварот, пытанне спросціцца. Калі раней даводзілася збіраць вялікую колькасць дакументаў, прычым дакументы для ўсялення ў жылое памяшканне не былі дакладна вызначаныя заканадаўствам, то сёння ўсё пэўна прапісанае ў Палажэнні аб парадку рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання».
Самае прыкметнае спрашчэнне – касуецца абавязак грамадзяніна здымацца з рэгістрацыйнага ўліку перад выбыццём на іншае месца жыхарства (як гэта мае месца пры сістэме прапіскі-выпіскі). Паводле ўказу, орган рэгістрацыі па новым месцы жыхарства грамадзяніна абавязаны паведаміць пра яго рэгістрацыю ў патрэбную інстанцыю па ранейшым месцы жыхарства, якое на падставе гэтага паведамлення самастойна здымае грамадзяніна з рэгістрацыйнага ўліку. «Цяпер у пашпарце выстаўляецца адзнака не аб прапісцы, а аб рэгістрацыі (штамп рэгістрацыі займае менш месца ў пашпарце). Таксама ў пашпарце няма адзнакі пра выпіску, ставіцца толькі штамп на новым месцы рэгістрацыі», – сказаў Анатоль Ланін.
Тым не менш, нагадаем, зарэгістравацца можна адпаведна колькасці квадратных метраў на аднаго пражываючага ў пэўным памяшканні. Норма жылой плошчы пры пастаноўцы на рэгістрацыйны ўлік для ўсёй тэрыторыі Беларусі – 20 метраў агульнай плошчы. Для Менска – 15 метраў. У інтэрнаце нормы для рэгістрацыі не такія жорсткія – не менш як 6 кв. метраў на аднаго чалавека.
Што тычыцца дзяцей, то рэгістрацыя непаўнагадовых здзяйсняецца без уліку нормы жылой плошчы. «Калі кватэра прыдатная для пражывання, то дзеці павінны быць зарэгістраваныя ў ёй, на жылой плошчы бацькоў», – сказаў намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі.
Пры гэтым ён запэўніў, што за адсутнасць рэгістрацыі выганяць з сталіцы, як у Маскве, «не будуць». Анатоль Ланін нагадаў, што рашэнні Менгарвыканкама, якія тычыліся прыёму іншагародніх грамадзян на працу ў горад Менск, скасаваныя 15 лістапада 2007 года. «Таму кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, у якім маюць патрэбу прадпрыемствы, арганізацыі, установы Менска, можа звяртацца і ўладкоўвацца на працу. Ён сам, вядома, павінен знайсці сабе жылую плошчу, дзе зможа зарэгістравацца», – сказаў А.Ланін.
З гэтым, вядома, могуць узнікнуць праблемы. Падчас онлайн-канферэнцыі людзі задавалі пытанні, ці могуць яны афіцыйным шляхам прадаваць магчымасць рэгістрацыі, калі дазваляе метраж кватэры? Адказ падпалкоўніка быў такі: «Хай ён лепш думае, што прадаваць з матэрыяльных каштоўнасцяў, а не рэгістрацыю».
Тым не менш, сёння грамадзяне могуць зарэгістраваць часовае знаходжанне нават на дачных участках. Для рэгістрацыі гэтага неабходная толькі згода ўласніка. Пры гэтым відавочна, што як гандлявалі раней прапіскай, так і цяпер будуць гандляваць рэгістрацыяй.
Дарэчы, асоба прадпрымальным трэба мець на ўвазе – у залежнасці ад колькасці грамадзян, зарэгістраваных па месцы знаходжання, на ўласніка або наймальніка жылога памяшкання будзе ўскладацца адпаведная плата за камунальныя паслугі.
Нагадаем, бегчы мяняць штамп прапіскі на адзнаку ў пашпарце аб рэгістрацыі не трэба. Прапіска сапраўдная, пакуль грамадзянін не памяняе пашпарт або не зменіць месца жыхарства. Тады па месцы знаходжання ён мае права па заканчэнні 30 дзён звярнуцца за рэгістрацыяй і атрымаць сведчанне.
Замежнікі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, абавязаныя быць зарэгістраваныя па месцы жыхарства. Калі замежнік змяніў месца жыхарства, значыць ён павінен зарэгістравацца па месцы знаходжання, падкрэсліў Анатоль Ланін.
Каментуючы думку аднаго з удзельнікаў онлайн-канферэнцыі пра тое, што прапіска замяняецца рэгістрацыяй для ўзмацнення кантролю за грамадзянамі Беларусі, прадстаўнік МУС зазначыў, што дакумент прымаўся для ўдасканалення сістэмы ўліку грамадзян, «а не для татальнага нейкага кантролю».
«Што тычыцца непасрэдна дзейнасці Міністэрства ўнутраных спраў, то ў МУС дастаткова кантролю і без гэтага нарматыўна-прававога акту», – падагульніў падпалкоўнік.