9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галадоўшчыкаў з туберкулёзнага шпіталя будуць карміць прымусова?

Каля 150 хворых Рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы «Наваельня» (Дзятлаўскі раён, Гарадзеншчына) ня выйшлі ўчора на сьняданак. Яны патрабуюць паляпшэньня ўмоваў лячэньня. Галоўны ўрач Вячаслаў Доўгань лічыць іх патрабаваньні неабгрунтаванымі.

У «Нашу Ніву» зьвярнуўся пацыент бальніцы «Наваельня» Сяргей Воранаў. Па яго словах на сьняданак ня выйшла каля 150 хворых. Пацыенты незадаволеныя ўмовамі знаходжаньня ў бальніцы.

«У палатах сыра і халодна — каля 14‑15 градусаў вышэй за нуль, брудна — на першым паверсе сьцены чорныя, кормяць абы як» — распавёў сп. Воранаў.

Паводле яго, у душ хворых водзяць два разы на тыдзень, гарачая вада бывае перад прыёмам ежы — тры разы на дзень. Да ўсяго тэрыторыю бальніцы абнесьлі трохмэтровым плотам:

«Нас не выпускаюць у пасёлак, няма дзе гуляць, а мы, між іншым, знаходзімся тут добраахвотна».

Хворыя сабралі подпісы з патрабаваньнямі і перадалі яго галоўнаму ўрачу Мечыславу Доўганю.

Спадар Доўгань пацьвердзіў інфармацыю пра галадоўку:

«Так, пэўная частка пацыентаў сёньня адмовілася ісьці на сьняданак».

Урач паведаміў, што згодна з правіламі ўнутранага распарадку хворым забаронена пакідаць тэрыторыю бальніцы.

«Гэта зьвязана са скаргамі мясцовага насельніцтва — было сабрана каля 500 подпісаў і яшчэ зьбіраюць» — патлумачыў сп. Доўгань.

Па яго словах, кіраўніцтва РТБ выконвае распараджэньне Міністэрства аховы здароўя, і кожнаму пацыенту пры паступленьні на лячэньне паведамляецца пра гэтае абмежаваньне, і той падпісвае адпаведны дакумэнт.

«Астатнія іх нараканьні неабгрунтаваныя і выкліканыя толькі тым, што ім не даюць выходзіць за тэрыторыю» — кажа Мечыслаў Андрэевіч.

Па яго словах, у палатах тэмпэратура 18‑20 градусаў, харчаваньне у межах нормы, на тэрыторыі бальніцы ўсталяваныя тэлефонныя апараты з выхадам на міжгароднюю сувязь, а таксама працуе камэрцыйны шапік. Сама бальніца месьціцца ў хвойніку.

«Але некаторым хочацца купіць цыгарэтаў, піва і віна ў горадзе» — зазначыў галоўурач.

***

Як паведаміў учора позна ўвечары Сяргей Воранаў, галадоўшчыкі патрапілі ў няпростую сытуацыю: яны ня могуць доўга трымаць галадоўку, бо ў такім стане ім надзвычай шкодна прымаць лекі. А ў сваю чаргу адмова ад лекаў ёсьць парушэньнем лекавага працэсу, што можа пацягнуць за сабой перавод у лякарню зачыненага тыпу. Там сухотнікаў будуць лячыць прымусова. «Нас ужо палохаюць такім пераводам» — кажа ён.

Паводле ўдзельнікаў галадоўкі, выкладзеныя ў лісьце да кіраўніцтва РТБ прэтэнзіі падтрымалі некаторыя прадстаўнікі пэрсаналу бальніцы, у першую чаргу санітары. Падпісанты ліста вельмі спадзяюцца на розгалас іх акцыі ў СМІ. Інакш праблему замнуць, перавёўшы нязгодных па іншых лякарнях, мяркуюць яны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках