Улады Грузіі спрабуюць дамовіцца з мітынгуючай апазіцыяй
1- 15.01.2008, 14:04
Грузінскія ўлады пачалі перамовы з апазіцыяй, якая вывела тысячы сваіх прыхільнікаў у Тбілісі на мітынг нязгодных з перавыбраннем Міхаіла Саакашвілі прэзідэнтам, паведаміла ў аўторак в.а. кіраўніка дзяржавы, спікер парламента Ніно Бурджанадзэ.
Лідэры апазіцыі лічаць несумленнымі датэрміновыя выбары 5 студзеня, сцвярджаючы, што насуперак афіцыйным дадзеным, Саакашвілі не набраў у першым туры 50 працэнтаў галасоў і патрабуецца другі тур, паведамляе Рэйтэр.
Захад прызнаў грузінскія выбары ў цэлым канкурэнтнымі, але звярнуў увагу на шэраг парушэнняў.
"Мы абралі восем пытанняў, перамовы па якіх могуць быць карыснымі для краіны", – сказала Бурджанадзэ журналістам.
Апазіцыя ў мінулую нядзелю правяла шматтысячны мітынг пратэсту і чарговым разам патрабавала другога тура выбараў.
Сёння акцыя пратэсту ідзе перад будынкам дзяржаўнага тэлебачання: удзельнікі патрабуюць даць апазіцыі магчымасць выступаць у прамым эфіры.
Бурджанадзэ сказала, што ўлады гатовыя змяніць апякунскі савет дзяржтэлебачання, які будзе сфармаваны з удзелам прадстаўнікоў апазіцыі.
"Мы зрабілі першы крок для вырашэння пытання дзяржаўнага тэлебачання... Мы плануем рэформу тэлеканала," – сказала спікерка.
Прэс-сакратарка штаба аб'яднанай апазіцыі Ніно Стуруа сказала Рэйтэр, што лідэры маюць намер у аўторак падаць пазоў у Тбіліскі гарадскі суд і апратэставаць рашэнне ЦВК аб прызнанні Саакашвілі пераможцам прэзідэнцкіх выбараў.
Адзін з лідэраў апазіцыі Давыд Зурабішвілі сказаў Рэйтэр у аўторак, што апазіцыя гатовая на перамовы з уладамі, аднак ніколі не прызнае перамогу Саакашвілі ў першым туры.
"Мы не маем намеру абмяркоўваць падчас перамоваў пытанне прызнання апазіцыяй легітымнасці выбараў", – сказаў Зурабішвілі.
Паводле канчатковых дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, Саакашвілі атрымаў 52,4 працэнты галасоў выбаршчыкаў – значна менш, чым у 2004 годзе. Яго галоўны супернік, высунуты апазіцыяй 43-гадовы беспартыйны вінароб і парламентар Леван Гачачыладзэ атрымаў 25,6 працэнты.
Саакашвілі лічыць галоўным саюзнікам Грузіі ЗША, а асноўным апанентам – Расею. Амерыка асудзіла дзеянні грузінскай паліцыі, якая разагнала лістападаўскі мітынг апазіцыі, які стаў пралогам да датэрміновых выбараў. У панядзелак прэзідэнт ЗША Джордж Буш павіншаваў Саакашвілі з перавыбраннем.