9 чэрвеня 2026, aўторак, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы не хочуць жыць на парахавой бочцы

3

Палітыку дзяржавы па будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі ўхваляюць далёка не ўсе. Так, у Горацкім раёне Магілёўскай вобласці, які разглядаецца ў якасці пляцоўкі для станцыі, ужо збіраюць подпісы супраць будаўніцтва.

Як паведаміў “Белорусским новостям” кіраўнік грамадскай антыядзернай ініцыятывы Горацкага раёна пастар пратэстанцкай царквы Пётр Маланачкін, на сёння сабраныя больш за 300 подпісаў мясцовых жыхароў. Паводле яго слоў, больш як палова насельніцтва Горацкага раёна не згодная з будаўніцтвам АЭС, і збор подпісаў не спыніцца датуль, пакуль рашэнне аб будаўніцтве АЭС не будзе скасаванае.

«Мы не хочам жыць на парахавой бочцы, у чаканні чарговай катастрофы. Мы заклікаем кіраўніцтва краіны адмяніць прынятае рашэнне аб будаўніцтве АЭС, а неабходныя сродкі накіраваць на стварэнне бяспечных тэхналогій энергазабеспячэння», – гаворыцца ў закліку да кіраўніцтва Беларусі, пад якім падпісваюцца жыхары Горацкага раёна.

Пётр Маланачкін адзначыў, што апроч збору подпісаў прадстаўнікі антыядзернай ініцыятывы займаюцца таксама распаўсюджаннем улётак, якія растлумачваюць небяспеку АЭС. Паводле яго слоў, антыядзерная ініцыятыва вітае любыя негвалтоўныя дзеянні, якія здольныя прывесці да адмены рашэння аб будаўніцтве станцыі.

На думку кіраўніка ініцыятывы, рашэнне аб будаўніцтве АЭС у краіне – беззаконнае, бо ў 18 артыкулу Канстытуцыі сказанае, што Беларусь – бяз'ядзерная тэрыторыя. «Атамная электрастанцыя – гэта атамная бомба ў перспектыве, атамная бомба ў руках неўраўнаважаных людзей – гэта найбольш небяспечны варыянт», – сказаў ён.

Прымаючы рашэнне аб будаўніцтве АЭС беларускія ўлады кіраваліся, найперш, пытаннямі эканамічнай мэтазгоднасці і энергетычнай бяспекі краіны. Прынамсі, пра гэта гаварыў Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня на пасяджэнні Савета бяспекі, дзе пытанне аб будаўніцтве АЭС было вырашанае канчаткова і беззваротна.

«Будаўніцтва АЭС – гэта рэальная перспектыва, стратэгічная задача, і адмаўляцца ад яе Беларусь не мае намеру», – заявіў Лукашэнка. Гэтае рашэнне носіць гістарычны характар, бо ад яго залежаць эканамічная, энергетычная і палітычная незалежнасць будучых пакаленняў беларусаў. «Сёння мы закладваем аснову функцыянавання беларускай дзяржавы ва ўмовах, калі на Зямлі абвастраецца глабальная праблема спусташэння запасаў вуглевадароднай сыравіны. Я думаю, будучыя пакаленні ацэняць наша рашэнне», – адзначыў тады беларускі кіраўнік.

На думку эксперта аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Валерыя Карбалевіча, будаўніцтва ўласнай АЭС абыдзецца Беларусі, у любым выпадку, значна даражэй за тыя 4 млрд. даляраў, пра якія гавораць сёння.

«У 2007 годзе дзяржава перажывала вялікую фінансавую напругу. З пачаткам будаўніцтва АЭС яна павялічыцца шматкроць, – гаворыць эксперт, падкрэсліваючы, што гэта можа стаць прычынай росту дэфіцыту бюджэту, інфляцыі і замежных запазычанняў. – А дывідэнды ад праекту можна будзе атрымаць толькі праз шмат гадоў, магчыма, за межамі палітычнага жыцця Лукашэнкі». Паводле папярэдняга графіка прац, увядзенне ў лад першага энергаблока запланаванае на 2018 год.

На думку Валерыя Карбалевіча, лёсавызначальнае рашэнне аб будаўніцтве АЭС «прынятае кулуарна пад уздзеяннем атамнага лобі» і не адказвае нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Нават жаданне Беларусі сысці ў пытанні паставак энергарэсурсаў ад, як выказаўся Лукашэнка, «дыктату манапалістаў», то бок, Расеі, чым і матывуецца сярод іншага неабходнасць будаўніцтва АЭС, не ўкладваецца ў рамкі элементарнай логікі. Цалкам можа ўзнікнуць сітуацыя, пры якой будаўніцтва беларускай АЭС і забеспячэнне яе дзейнасці будзе завязанае зноў-такі на Расеі.

«З заяў адказных службоўцаў высвятляецца, што ўжо амаль вырашанае купляць расейскі рэактар, які таннейшы. Да таго ж, заходнія кампаніі могуць не прадаць рэактар Беларусі з палітычных меркаванняў», – прымячае Валеры Карбалевіч.

У выніку атрымаецца, што абсталяванне для станцыі давядзецца купляць у Расеі, паліва – у Расеі, захоўваць адыходы – там жа. А паколькі сваіх сродкаў на гэты праект няма, то крэдыты браць трэба будзе зноў у Расеі. «Такім чынам, – упэўнены эксперт, – у прыдачу да газавай і нафтавай залежнасцяў ад Расеі, Беларусь апынецца яшчэ і ў атамнай і фінансавай залежнасці. І замест дыверсіфікавання крыніц энергіі краіна патрапіць у яшчэ большую залежнасць ад таго ж самога манапаліста».

Між іншым, лічыць эксперт, фінансаванне праектаў па энергазахаванні мае значна большую эфектыўнасць, чым інвестыцыі ў распрацоўку новых крыніц энергіі. «А у гэтай сферы ў Беларусі непачаты край працы», – гаворыць Валеры Карбалевіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках