Хворыя на сухоты патрабуюць спыніць зьдзек
- 22.01.2008, 9:07
У тубэркулёзнай бальніцы «Наваельня» на днях зноў адключылі гарачую ваду і зачынілі душ. «З гэтай прычыны ў сераду пацыенты, магчыма, зноў абвесьцяць галадоўку», — паведаміў адзін з хворых Сяргей Воранаў.
Паводле ягоных словаў, калі заўтра гарачую ваду ня ўключаць, то хворыя гатовыя паўторна абвесьціць галадоўку, піша “Наша ніва”.
Іншыя патрабаваньні сухотнікаў застаюцца нязьменнымі — цяпло ў пакоях і выхад на прагулкі ў лес.
«На гэты раз будзем галадаць на вуліцы, каб людзі, якія праяжджаюць побач, маглі бачыць, што ў бальніцы адбываецца галадоўка», — гаворыць С.Воранаў.
Сухотнікі просяць, каб пра іх праблемы не забывалася прэса, бо толькі ў выпадку розгаласу ў іх ёсьць магчымасьць дамагчыся прымальных умоваў у бальніцы.