20 вядомых стратэгаў і аналітыкаў з Еўропы і ЗША сустрэліся ў Троках
- 22.01.2008, 12:04
Больш як дваццаць вядомых стратэгаў, палітыкаў, палітолагаў, дыпламатаў і аналітыкаў Еўропы і ЗША сустрэліся ў літоўскім горадзе Трокі. Як паведамляюць "Літоўскія навіны", тэмы дыскусій былі разнастайныя – ад стасункаў з Расеяй да «замарожаных канфліктаў». Сустрэча была арганізаваная з ініцыятывы міністра замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Пятраса Вайцекунаса, які ў свой час займаў пасаду амбасадара гэтай краіны ў Беларусі.
У сустрэчы ўзялі ўдзел Міністры замежных спраў Латвіі, Польшчы і Швецыі, намеснік прэм'ер-міністра Чэхіі, а таксама аналітыкі з Вялікабрытаніі, Італіі, ЗША, Францыі, Румыніі, Нямеччыны, інстытуцый Еўрапейскага Звязу. У дыскусіях у Троках таксама ўзяў удзел прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Валдас Адамкус.
Мэта гэтай сустрэчы – кансалідаваць дэбаты аб сістэмным поглядзе на адзіную палітыку НАТА і ЕЗ, краін Еўропы і ЗША наконт актуальных пытанняў міжнародных стасункаў у стратэгічнай еўра-атлантычнай супольнасці.
На нефармальнай сустрэчы абмяркоўваліся стратэгіі ЕЗ і НАТА, развіццё і ўнутраная трансфармацыя еўра-атлантычных палітычных і сацыяльных каштоўнасцяў, стасункі з Расеяй, энергетычная бяспека, развязанне так званых «замарожаных канфліктаў».
Удзельнікі дыскусіі разважалі, якія палітычныя стратэгіі НАТА і ЕЗ, Еўропы і ЗША неабходныя ў міжнародным становішчы, якое змяняецца.
«Я спадзяюся, што пачатыя ў Троках дэбаты будуць працягвацца і такія нефармальныя сустрэчы будуць праходзіць у розных краінах ЕЗ і НАТА. Дыскусіі стратэгаў ЕЗ і НАТА будуць спрыяць пашырэнню і паглыбленню еўра-атлантычнага палітычнага парадку дня і паспяванню ідэй для абнаўлення і актуалізацыі стратэгій гэтых арганізацый», – сказаў кіраўнік літоўскага знешнепалітычнага ведамства.
Па словах міністра, сам факт сустрэчы сведчыць пра тое, што Літва з'яўляецца актыўным сябрам ЕЗ і НАТА, для якога важная будучыня гэтых арганізацый. Менавіта з імі наша краіна звязвае бяспеку, стабільнасць і дабрабыт у Еўропе і за яе межамі.
«Мы рады, што так шмат мысляроў высокага ўзроўню адгукнуліся на наша запрашэнне. Гэта найперш служыць доказам таго, што Літву прызнаюць і шануюць у Еўропе і Амерыцы як надзейнага ініцыятара і арганізатара мерапрыемстваў такога плану. З іншага боку, гэта паказвае, што еўра-атлантычнай супольнасці неабходныя такія дыскусіі», – сцвярджаў міністр П.Вайцекунас.
А 17 студзеня ў гонар дзесяцігоддзя Хартыі партнёрства ЗША і краін Балтыі ганаровымі знакамі Міністэрства замежных спраў Літвы «Зорка тысячагоддзя Літвы» былі ўзнагароджаныя ўдзельнікі мерапрыемства, якія ўнеслі значны ўклад у падрыхтоўку і ажыццяўленне Хартыі: намеснік дарадцы віцэ-прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джозаф Вуд, памочнік дзяржсакратара па справах Еўропы і Еўразіі амбасадар Даніэль Фрыд, палітолагі і лідэры няўрадавых арганізацый ЗША Рональд Асмус, Брус Джэксан, Стывен Ларрабі і Роберт Нурык.
Ганаровыя знакі за ўмацаванне стратэгічнага літоўска-польскага партнёрства былі таксама ўручаныя міністру замежных спраў Польшчы Радаславу Сікорскаму і дырэктару бюро замежных спраў канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марыюшу Хандзліку. Узнагарода таксама была ўручаная і намесніку рэдактара брытанскага штотыднёвіка «The Economist» Эдварду Лукасу – за ўмацаванне стратэгічнага трансатлантычнага партнёрства.
Удзельнікаў нефармальнай дыскусіі таксама прынялі прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Валдас Адамкус і прэм'ер-міністр Літвы Гядымінас Кіркілас.