Польскія мытнікі гатовыя вярнуцца на працу
- 29.01.2008, 10:10
Мытнікі Любельскага ваяводства Польшчы вырашылі вярнуцца на працоўныя месцы, спыніўшы страйк. Пра гэта паведаміў кіраўнік мытнай службы Польшчы Яцэк Дамінік.
Мытнікаў упэўніла пасрэдніцтва прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска, які сустрэўся ў горадзе Бяла Падляска на ўсходзе Польшчы з кіраўнікамі мытных службаў трох ваяводстваў – Падляскага, Любельскага і Падкарпацкага, на тэрыторыі якіх утварыліся шматкіламетровыя пробкі з аўтацягнікоў і вялікагрузных аўтамабіляў, паведамляе ПРАЙМ-ТАСС.
Прэм'ер-міністр паабяцаў мытнікам прыняць новы закон аб мытнай службе і падвысіць месячны заробак на 500 злотых (каля $200) з 1 студзеня 2008 г. Актыўная фаза страйку польскіх мытнікаў пачалася тыдзень таму і вялася «італьянскім спосабам». Пратэстуючыя не стваралі страйкавых камітэтаў і не прымалі петыцый, а сталі браць медыцынскія вызваленні ад працы або сыходзіць у адпачынак за свой рахунак. Таму, лічаць назіральнікі, для вяртання на працоўныя месцы ўсіх удзельнікаў акцыі пратэсту спатрэбіцца яшчэ некалькі дзён.