Беларускіх гісторыкаў-габрэяў "забылі"
- 30.01.2008, 14:25
У нядаўна выдадзеным даведніку "Гісторыкі Беларусі на пачатку XXI стагоддзя" няма прозвішчаў гісторыкаў-габрэяў, якія жывуць у эміграцыі, але па-ранейшаму шмат пішуць пра Беларусь, што робіць выданне несур'ёзным для гістарычнай навукі, лічыць гісторык і праваабаронца Якаў Басін.
Бібліяграфічны даведнік "Гісторыкі Беларусі на пачатку XXI стагоддзя", складзены доктарам гістарычных навук Георгіем Карзенкам, выпушчаны выдавецтвам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) "Белорусская наука".
У выданне ўключаныя больш як 400 персаналій – навукоўцаў-гісторыкаў, якія працуюць у навуковых установах Беларусі, у тым ліку ў Інстытуце гісторыі НАНБ, а таксама выкладаюць у беларускіх ВНУ.
Кожны артыкул складаецца з біяграфічнай даведкі пэўнага гісторыка, паказвае круг яго навуковых інтарэсаў з пералікам тэм, якія распрацоўваюцца, а таксама прадстаўляе навуковыя публікацыі навукоўца.
Каментуючы БелаПАН выхад даведніка, кандыдат гістарычных навук дацэнт кафедры дыпламатычнай і консульскай службы факультэта міжнародных стасункаў БДУ вядомы даследнік тэмы сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў назваў яго карысным інфармацыйным выданнем, якое ўпершыню пазнаёміла чытача з даследнікамі айчыннага мінулага.
Разам з тым, І. Кузняцоў лічыць даведнік "падцэнзурным", бо ў ім няма імёнаў шэрагу вядомых айчынных гісторыкаў, якія працуюць "над тэмамі, якія не адпавядаюць канцэпцыі афіцыйнай гістарычнай навукі".
"Праз такі падыход карыстальнікі даведніка пазбаўленыя магчымасці атрымаць неабходную інфармацыю па ўсіх кірунках гістарычных даследаванняў", – лічыць І. Кузняцоў.
"У гэтым выданні няма прозвішча самога Ігара Кузняцова, які шмат піша пра гісторыю Беларусі, Генадзя Сагановіча і іншых вядомых беларускіх гісторыкаў, якія вывучаюць тэмы, якія не заўсёды ўхваляюцца ўладамі, – сказаў для Агенцтва габрэйскіх навін гісторык і праваабаронца Якаў Басін. – Аб'ектыўнасць – галоўная годнасць гісторыкаў, таму мне гэтая кніга падаецца тэндэнцыйнай і несур'ёзнай для гістарычнай навукі".
Да таго ж, па словах Басіна, навуковае значэнне працы значна памяншае той факт, што ў ім няма прозвішчаў гісторыкаў-эмігрантаў, у прыватнасці габрэяў, такіх, напрыклад, як Леанід Смілавіцкі, які дагэтуль шмат піша пра гісторыю Беларусі, хоць і жыве ў Іерусаліме, або Давыда Мельцэра, які выдаў нядаўна кнігу аб Халакосце ў РБ.