У Аёве лідзіруюць кандыдаты ў прэзідэнты ЗША Барак Абама і Майкл Хакабі
2- 4.01.2008, 12:00
У ЗША пачаўся працэс адбору афіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах, якія пройдуць у лістападзе 2008 года. Вынікі першых перадвыбарных сходаў актывістаў (caucuses) рэспубліканскай і дэмакратычнай партый, якія мінулі ў чацвер у штаце Аёва, апынуліся нечаканымі.
Фаварытамі прэзідэнцкай гонкі сталі: у дэмакратаў – 46-гадовы цемнаскуры сенатар з штата Ілінойс Барак Абама; у рэспубліканцаў – былы губернатар штата Арканзас Майкл Хакабі. Адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў прэзідэнцкай гонцы сенатар Крыс Дод з штата Канекцікут, а таксама сенатар Джо Байдэн ад штата Дэлавер.
Паводле вынікаў апрацоўкі 100 працэнтаў галасоў дэмакратаў, за сенатара Абаму прагаласавалі 38% удзельнікаў сходаў. Былы сенатар з Паўночнай Караліны Джон Эдвардс атрымаў 30% галасоў, а калега Абамы па працы ў Кангрэсе з штата Нью-Ёрк, былая першая лэдзі ЗША Хілары Клінтан – усяго 29%, перадае СNN.
Паводле вынікаў апытанняў выбаршчыкаў, праведзеных па замове CNN, Абама атрымаў 57% галасоў актывістаў дэмпартыі маладзейшых за 30 гадоў. Вынікі тым больш нечаканыя, што 95% насельніцтва штата Аёва складаюць белыя, а сам штат лічыцца фермерскім і кансерватыўным у сваіх палітычных перавагах.
У рэспубліканцаў падлічаныя 92% галасоў: першую перамогу ў перадвыбарнай барацьбе атрымаў былы губернатар штата Арканзас Майк Хакабі – у яго пакуль 34%. Такім чынам, яму атрымалася абысці свайго галоўнага канкурэнта ў гэтым штаце – экс-губернатара Масачусеца Мітта Ромні (25%), нават нягледзячы на тое, што апошні выдаткаваў на сваю рэкламу ў гэтым штаце 7 млн даляраў, а Хакабі – каля 1,4 млн даляраў.
За трэцяе месца вядуць барацьбу Фрэд Томпсан (13%), Джон Маккейн (13%) і Рон Пол (10%). Былы мэр Нью-Ёрка Рудольф Джуліані, які лічыўся адным з фаварытаў гонкі, атрымлівае ўсяго 4% галасоў.
У Аёве праходзяць першыя ў цяперашнім перадвыбарным сезоне сходы актывістаў Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый. У шэрагу штатаў папярэдні этап барацьбы за Белы дом унутры партый прадугледжвае правядзенне менавіта такіх сходаў, у іншых – "праймерыз", гэта значыць, першасных выбараў. Па выніках гэтых мерапрыемстваў, якія пройдуць ва ўсіх штатах, і будуць высоўвацца кандыдаты партый на выбары прэзідэнта ЗША.
Першыя "праймерыз" пройдуць 8 студзеня ў Нью-Гэмпшыры. Фаварытамі там лічацца Барак Абама і Хілары Клінтан, розніца ў падтрымцы выбаршчыкаў складае долі працэнтаў.
Афіцыйна свайго кандыдата дэмакраты назавуць на агульнанацыянальным з'ездзе ў жніўні ў Дэнверы (штат Каларада), а кандыдат рэспубліканцаў будзе вызначаны на аналагічным мерапрыемстве ў верасні ў Мінеапалісе (штат Мінесота). Самі выбары прэзідэнта ЗША прызначаныя на 4 лістапада гэтага года.
З 1972 годзе ў ЗША лічыцца, што сходы выбаршчыкаў (caucuses) у штаце Аёва з'яўляюцца пачаткам прамежкавых прэзідэнцкіх выбараў і таму гэтыя сходы традыцыйна лічацца важным "псіхалагічным" этапам у прэзідэнцкай гонцы, які выклікае вялікую цікавасць у амерыканскіх СМІ і які ўдзельнікі гонкі імкнуцца максімальна выкарыстаць для падвышэння свайго рэйтынгу.
Паводле дадзеных тэлекампаніі ABC падчас цяперашняй прэзідэнцкай гонкі ў штаце Аёва рэспубліканцамі і дэмакратамі праведзеныя ўжо 2 336 перадвыбарных мерапрыемстваў і сустрэч з выбаршчыкамі, а на тэлевізійную перадвыбарную рэкламу і агітацыю выдаткаваныя 34,6 мільёна даляраў.
Пры гэтым найбольшыя сумы на паказ перадвыбарных тэлевізійных ролікаў выдаткаваныя выбарчым штабам сенатара-дэмакрата Барака Абамы – 9 мільёнаў даляраў.
Па суме выдаткаў на перадвыбарную тэлерэкламу ў Аёве на другім месцы знаходзіцца сенатар-дэмакрат Хілары Клінтан (7,2 мільёна даляраў), на трэцім – рэспубліканец Мітт Ромні (7 мільёнаў даляраў).