Беларусы ўсё часцей страчваюць розум
8- 10.10.2008, 8:57
9 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску галоўны псіхіятр Міністэрства аховы здароўя Павел Рынкоў паведаміў аб тым, што ў Беларусі павялічваецца колькасць выпадкаў псіхічных захворванняў ва ўсіх узроставых групах.
Па ягоных словах, за апошнія пяць год першаснае захворванне дарослых у краіне павялічылася больш чым на напалову –– з 30.794 выпадкаў у 2002 годзе да 48.228 у 2007 годзе. Першаснае захворванне дзяцей узрасло з 17.462 да 18.710.
Па дадзеных за 2007 год, у цэлым колькасць упершыню выяўленых выпадкаў псіхічных захворванняў у Беларусі склала 64.938, што на 34% больш, чым у 2002 годзе. Агульнае захворванне насельніцтва за дадзены перыяд вырасла на 18,1% і склала 257.232 выпадка, перадае БелаПАН.
У Беларусі на ўліку ў псіхіятрычнай і наркалагічнай службах на канец 2007 года было каля 535 тыс. чалавек, або 5,5% насельніцтва.
Загадчык кафедрай псіхіятрыі і наркалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі прафесар Раман Еўсягнееў адзначыў, што выяўленне ўсё большай колькасці псіхічных захворванняў не з'яўляецца адмоўнай тэндэнцыяй у развіцці грамадства і звязанае ў большай ступені з узросшай колькасцю зваротаў грамадзян да ўрачоў-псіхіятраў і псіхатэрапеўтаў. "З павелічэннем даступнасці псіхіятрычнай дапамогі і псіхіятрычных кабінетаў, –– сказаў ён –– павялічваецца колькасць зарэгістраваных хворых, якія пакутуюць на псіхічныя захворванні. Шмат у чым гэта залежыць таксама ад заканадаўчай базы. Безумоўна, калі чалавеку гарантаванае захаванне медычнай тайны пры звароце да ўрача, то да яго будуць звяртацца ахвотней".