9 чэрвеня 2026, aўторак, 13:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крызіс пастукаўся ў беларускія банкі

7

Шэраг беларускіх банкаў часткова ці цалкам спыніў выдачу валютных крэдытаў грамадзянам на набыццё тавараў. У першую чаргу гаворка ідзе аб банках, якія належаць замежным інвестарам.

Яны спынілі выдачу валютных крэдытаў грамадзянам на набыццё тавараў, аўтамабіляў і будаўніцтва жылля. У асноўным гэта закранула крэдыты ў далярах ЗША. У беларускіх рублях крэдыт атрымаць сёння можна, аднак і іх выдаюць неахвотна, спрабуючы максімальна завысіць стаўку, паведамляе АФН.

Банкі відавочна не жадаюць ва ўмовах дэфіцыту ліквіднасці на фоне сусветнага крызісу не толькі раздзмуваць свае крэдытныя партфелі, ды і задумваюцца над тым, каб як мага больш хутка спагнаць выдадзеныя крэдыты грамадзянам.

Асобныя банкі Расеі ўжо звярнуліся да сваіх кліентаў з просьбай па магчымасці датэрмінова пагасіць узятыя крэдыты. Гэтая ідэя знайшла прымяненне і ў Беларусі.

Так, Прыёрбанк (дачка аўстрыйскага Raiffeisen Bank) абвясціў вельмі цікавую акцыю, фактычна звярнуўшыся да сваіх пазычальнікаў з падобнай просьбай – датэрмінова пагасіць свае абавязальніцтвы. Банк да 1 студзеня 2009 года адмяніў камісіі за датэрміновае пагашэнне (частковае і поўнае) па ўсіх асноўных відах крэдытаў, уключаючы спажывецкія, на набыццё аўтамабіля і будаўніцтва жылля.

Кажучы простай мовай, Прыёрбанк гатовы ахвяраваць будучымі прыбыткамі (у выглядзе адсоткаў па крэдыце) дзеля магчымасці папаўнення сваёй ліквіднасці. Ход добры, але ён пралівае святло на тое, што далёка не ўсё ў парадку ў гаспадарцы кіраўніка Нацбанка Пятра Пракаповіча.

Дарэчы, Нацбанк Беларусі ўжо абвясціў аб падвышэнні стаўкі рэфінансавання да 10,75 %, патлумачыўшы гэта больш высокім, чым планавалася, ўзроўнем інфляцыі ў краіне. Аднак не інфляцыя турбуе сёння НБ РБ, а адсутнасць ліквіднасці. Услед за падвышэннем стаўкі рэфінансавання варта чакаць падвышэння ставак на дэпазіты, якія прыймаюцца ў банкі, што падвысіць іх прыбытковасць з пункту погляду спажыўца і такім чынам падвысіць запасы ліквіднасці саміх беларускіх банкаў на фоне скарачэння крэдытаў, якія выдаюцца.

Акцыі, падобныя «прыёраўскай», – гэта пакуль толькі званочкі, якія сведчаць, што пэўных узрушэнняў не пазбегнуць і на беларускім рынку.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках