15 жнiўня 2022, панядзелак, 3:19
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Больш за 60 каталікоў трымаюць пост за вяртанне касцела Святога Язэпа

1

63 чалавекі з Менску і гарадскога паселка Івянец Валожынскага раена Менскай вобласці працягваюць бестэрміновы пост за вяртанне вернікам будынкаў Менскага кляштара бернардынцаў з касцелам — помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя.

Аб гэтым паведаміла БелаПАН чалец менскай рымска-каталіцкай супольнасці Святога Язэпа Івона Мацукевіч.

Паводле яе словаў, у пасце, які пачаўся 30 жніўня гэтага года, прымаюць удзел 56 жанчын і сем мужчын рознага ўзросту, узроўня адукацыі і прафесіяў. Сярод іх — 60 вернікаў сталічнай рымска-каталіцкай супольнасці Святога Язэпа і трое каталікоў з Івянца. Хтосьці з тых, хто посціць абмежаваў сябе адной вадой, некаторыя здавальняюцца хлебам і вадой. Кожны ўдзельнік акцыі абраў для сябе пэўныя дні паста на працягу тыдня.

Як адзначыла І.Мацукевіч, усе, хто посціць, пачуваюцца нармальна і не адчуваюць праблемаў са здароўем.

Нагадаем, што летась пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне кляштара вернікам было сабрана больш за 30 тысячаў подпісаў. Збор подпісаў пачаўся пасля таго, як стала вядома аб планах Менгарвыканкама перадаць будынкі святыні інвестарам для іх прыстасавання пад гасцінічны комплекс і аб'екты гандлева-бытавога прызначэння. Кляштар быў сканфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расейскай імперыі пасля падаўлення нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. На працягу наступных 144 гадоў дзяржава бясплатна карысталася комплексам, пабудаваным на сродкі вернікаў. З кляштара выселеныя службы ваеннай камендатуры і пракуратуры. Аднак у будынку касцела дагэтуль размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. З 19 сакавіка 2005 года чальцы супольнасці Святога Язэпа праводзяць ля будынка касцела штодзенныя вячэрнія малітвы за вяртанне святыні вернікам.