9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палатачнікі» вітаюць адмену санкцыяў у дачыненні да Лукашэнкі і чакаюць наступнага пазітыву ў адносінах з ЕЗ

1

Беларускія «парламентары» вітаюць рашэнне Еўразвяза прыпыніць на шэсць месяцаў дзеянне некаторых санкцыяў супраць рэжыму Беларусі.

«Дэпутат» складу «парламента», які сыходзіць, лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч заявіў агенцтву "Интерфакс-Запад", што "мы вітаем пачатак рэалізацыі пакрокавай стратэгіі паляпшэння адносінаў з Беларуссю, на якую пайшлі нашыя еўрапейскія калегі". "Спадзяюся, што рэалізацыя гэтай стратэгіі не абмяжуецца толькі намерамі, і мы пачнем рух па доўгай дыстанцыі, паколькі развіццё дэмакратычных працэсаў гэта не справа аднаго месяца, аднаго года ці двух гадоў".

"Мы выдатна разумеем, што сённяшняя падзея не з'яўляецца чымсьці вялікім. Гэты толькі пачатак працэсу дыялогу", - падкрэсліў С.Гайдукевіч.

Пры гэтым ён канстатаваў, што развіццё дыялогу Беларусі з ЕЗ прывяло да "палітычнага шпагату", у якім, на яго думку, зараз знаходзіцца краіна.

Тлумачачы гэты вобраз, «парламентар» заявіў, што "мы атрымалі ад еўрапейскіх калегаў сігнал аб тым, каб мы ўстрымаліся ад прызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі". З іншага боку "мы ведаем, што сёння "Газпром" абвясціў кошт на газ для Беларусі ў наступным годзе на ўзроўні $250". "Неабходна таксама ўлічваць, што Еўропа не зняла эканамічных санкцыяў (адмену ўдзелу Беларусі ў сістэме Агульных гандлёвых прэферэнцый ЕЗ - ИФ)", - адзначыў ён.

"Расея вядзе сваю жорсткую палітычную гульню, Еўропа - сваю. Нашая задача не стаць разменнай манетай у іх гульнях. Вось пра што думае наша кіраўніцтва цяпер", - упэўнены С.Гайдукевіч.

У гэтай сітуацыі «парламентар» лічыць, што "асноўныя палітычныя рашэнні яшчэ наперадзе". На думку дэпутата «палаты прадстаўнікоў» Анатоля Красуцкага, "пазітыўныя крокі з боку Еўразвяза звязаныя з нядаўнім выкананнем вызначаных умоваў з іх боку, у прыватнасці, вызваленнем шэрагу зняволеных і самае важнае - правядзеннем выбарчай кампаніі ў «парламент», ацэнка якой з боку еўрапейскіх назіральнікаў утрымлівае шэраг станоўчых момантаў".

"Спадзяюся, што сённяшнія рашэнні Еўразвяза можна разглядаць як першыя крокі ў пабудове новых адносінаў Беларусі і ЕЗ", - адзначыў «дэпутат».

Між тым, ён канстатаваў, што шэраг ключавых пытанняў у двухбаковых адносінах застаецца нявырашаным. У прыватнасці, А.Красуцкі выказаўся за поўную адмену візавых абмежаванняў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і адмову Еўразвяза ад эканамічных санкцыяў у дачыненні да Беларусі.

"Лічу, для гэтага будуць здзейсненыя дастатковыя дзеянні як з боку новага «парламента» Беларусі (28 верасня абраны новы склад "ніжняй" палаты «парламента» - ИФ) і кіраўніцтва краіны, так і з боку Еўразвяза", - сказаў «дэпутат», які сыходзіць «парламента».

Як паведамлялася, Еўрапейскі Звяз прыняў у панядзелак рашэнне прыпыніць на шэсць месяцаў дзеянне некаторых санкцыяў супраць Беларусі, абвесціла Францыя, якая старшынюе ў ЕЗ.

У прыватнасці, прыпыняюцца санкцыі, якія забаранялі Аляксандру Лукашэнку наведваць краіны ЕЗ. У цэлым ЕЗ вырашыў прыпыніць дзеянне забаронаў на выдачу візаў у дачыненні амаль да ўсіх людзей, якія фігуравалі ў "чорным" спісе.

Сярод прадстаўнікоў Беларусі, на каго па-ранейшаму дзейнічае забарона на наведванне ЕЗ, фігуруюць старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, былы камандзір 3-й асобнай Чырванасцяжнай брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС Дзмітры Паўлічэнка, былы дзяржсакратар Рады бяспекі Віктар Шэйман і былы міністр унутраных справаў Юры Сівакоў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках