9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адміністрацыя Лукашэнкі адмовіла Партыі БНФ у памяшканьні

16 кастрычніка Партыя БНФ атрымала адказы з адміністрацыі Лукашэнкі і Менгарвыканкама аб фактычнай адмове ў арэндзе памяшканьня для сьвяткаваньня 20-годзьдзя Фронта.

Партыя БНФ мела намер правесьці вялікую ўрачыстую імпрэзу ў памяшканьні Дома культуры МАЗу 19 кастрычніка ў Менску , і зьвярнулася ў адміністрацыю Дома культуры з адпаведнай заявай 9 верасьня. У якасьці рэзэрвовага варыянту разглядалася заля Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Я. Раў, куды таксама 9 верасьня была накіраваная заява аб прадастаўленьні магчымасьці арэнды памяшканьня. Да гэтага часу Партыя БНФ не атрымала ніякіх адказаў на свае заявы ані з ДК МАЗу, ані з Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру.

Адначасна, маючы досьвед атрыманьня дазволу на арэнду памяшканьня толькі пасьля згоды адміністрацыі прэзідэнта і Менгарвыканкаму, Партыя БНФ 15 верасьня зьвярнулася ў гэтыя ўстановы з просьбай аб спрыяньні арэндзе любога з названых памяшканьняў ці прадастаўленьні любога іншага памяшканьня.

Лісты, што Партыя БНФ атрымала сёньня з адміністрацыі і гарвыканкаму, па сваёй форме ёсьць клясычным узорам бюракратычнага "адфутбольваньня" пытаньня. Адміністрацыя перанакіравала заяву ў Менгарвыканкам, а той, у сваю чаргу, паінфармаваў аб тым, што "вызначэньне месца правядзеньня сходу зьяўляецца абавязкам асобаў, адказных за арганізацыю й правядзеньне дадзенага мерапрыемства"

Адказы адміністрацыі прэзыдэнта і Менгарвыканкаму фактычна сьведчаць, што Партыі БНФ адмоўлена ў шырокім адзначэньні 20-годзьдзя БНФ.

Лідар Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі пракамэнтаваў адмову ўладаў наступным чынам: "Улады баяцца даваць памяшканьне нават на сьвяточныя імпрэзы Партыі БНФ, што носяць урачысты й рэтраспэктыўны характар. Гэта ў чарговы раз падцвярджае, што ў краіне не адбываецца аніякай лібэралізацыі."

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках