Алесь Бяляцкі: «ЕЗ павінен выступаць з пазіцыі высокіх стандартаў у пытаннях дэмакратызацыі Беларусі»
1- 17.10.2008, 12:31
«Беларусь пасля выбараў – час для палітыкі збліжэння?» -- дыскусія пад такой назвай прайшла 16 кастрычніка ў германскім бундэстагу з удзелам беларускай апазіцыі.
У нямецка-беларускай дыскусіі ў бундэстагу прынялі ўдзел дэпутаты нямецкай фракцыі бундэстага "Звяз 90/Зялёныя" і фракцыі ХДС/ХСС. Ад беларускага боку выступіў віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак і намстаршыні АГП Яраслаў Раманчук і іншыя прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці.
Аднадушнасць у ацэнцы «выбараў»
"Першая панэль была прысвечаная вынікам “выбараў”, гэта значыць не столькі наступным прагнозам, як проста асвятленню сітуацыі, асэнсаванню таго, што адбылося. І тут у нас была сумная аднадушнасць, таму што ўсе досыць скептычна паставіліся да гэтага выбарчага працэсу ў двухкоссі. І ацэнка палітычнага аналітыка ад місіі АБСЕ, якая займалася назіраннем у Беларусі, і ацэнка нашых унутраных назіральнікаў, а таксама каментары экспертаў – удзельнікаў дыскусіі практычна супадалі.
Усе былі досыць аднадушныя, што выбараў фактычна не было, адбылося толькі іх падабенства. Пры гэтым адбылася вельмі малаважная лібералізацыя сітуацыі, звязаная з тым, што выпусцілі палітвязняў. Ну а вялікіх змен няма", -- распавёў “Нямецкай хвалі” аб ходзе першай часткі дыскусіі Алесь Бяляцкі.
Прагматызм у ацэнцы «саступак»
Акрамя таго, удзельнікі дыскусіі пагаварылі аб тым, як складзецца сітуацыя пасля прыняцця рэзалюцыі Еўразвяза па Беларусі і якім чынам варта выбудоўваць адносіны з беларускімі ўладамі як Еўразвязу, так і Германіі, у прыватнасці, паколькі пры абмеркаванні знаходзіліся прадстаўнікі германскага МЗС і дэпутаты.
На пытанне, якая палітыка ЕЗ па стаўленні да беларускага кіраўніцтва была бы найбольш прымальнай, праваабаронца адказаў: "Зробленыя нейкія вызначаныя крокі – адмененыя санкцыі супраць пэўнай часткі раней неўяздных беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку, і Лукашэнкі. Хтосьці ўспрымае гэта станоўча, хтосьці – падазрона. Але мне здаецца, што цяпер павінная весціся абсалютна прагматычная палітыка ацэнкі рэальных жаданняў і рэальных саступак беларускіх улад па стаўленні да сітуацыі з правамі чалавека, з няўрадавымі арганізацыямі і гэтак далей. Тут не павінна быць такога захаплення, што вось, рэжым пачаў змяняцца, і давайце, мы таксама пачнем адчыняць разнастайныя дзверы".
Па меркаванні віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, беларускаму ўраду і Аляксандру Лукашэнку, у прыватнасці, цяпер, як ніколі, патрэбная лібералізацыя адносінаў з Еўропай, паляпшэнне эканамічных адносінаў, зняцце эканамічных санкцый. "Зразумела, што яму патрэбныя саюзнікі, каб, у першую чаргу, утрымацца ля ўлады, і каб не адбылася эканамічная катастрофа. У гэтай сітуацыі, мне здаецца, Еўразвяз павінен выступаць з пазіцыі высокіх стандартаў у пытаннях дэмакратызацыі правоў чалавека ў Беларусі".
Мерапрыемства арганізаванае пры падтрымцы парламенцкай фракцыі "Звяз 90/Зялёныя", Нямецка-беларускага аб'яднання, а таксама фондаў імя Генрыха Беля і імя Конрада Адэнаўэра.