9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Казулін: «Трэба змагацца за кожнага грамадзяніна»

10
Аляксандр Казулін: «Трэба змагацца за кожнага грамадзяніна»

«У Беларуси адбыліся фасадныя зьмены, а ўнутраных зьменаў няма. Вызваленьне палітвязьняў ня сьведчыць пра тое, што інстытут палітзьняволеньня зачынены. Цалкам верагодна, што заўтра адносіны зьменяцца й зьявяцца новыя вязьні сумленьня», -- заявіў былы палітвязень Аляксандр Казулін у інтэрв'ю “Польскаму Радыё”.

-- Яшчэ месяц таму беларусы ведалі пра Аляксандра Казуліна, што ён сядзіць у турме. Цяпер Вы на волі, але, бадай, мала хто ведае, чым Вы цяпер займаецеся?

-- Пасьля 2,5 гадоў знаходжаньня ў турме, чалавек павінен увайсьці ў жыцьцё. Калі чалавек зь яго выпадае, то яму трэба вярнуцца, а гэта дастаткова складана. Паколькі я выйшаў з турмы падчас правядзеньня парлямэнцкай кампаніі, то жыцьцё закруціла мяне ў вір. Я прымаў удзел у выбарчай кампаніі сваёй дачкі, якая была кандыдатам у дэпутаты па Менску. Таксама, з увагі на тое, што акурат тады вырашаліся пытаньні будучыні Беларусі, мне давялося прыняць удзел у экспэрцкай ацэнцы, у дапамозе падчас прыняцьця рашэньняў, як у Эўропе, так і ў ЗША.

-- Адразу пасьля вызваленьня Вы сустракаліся з прэзыдэнтам Летувы Валдасам Адамкусам, потым у ЗША з Джорджам Бушам, а праз тыдзень Вы ізноў наведаеце Варшаву, дзе адбудзецца спатканьне з міністрам замежных справаў Радаславам Сікорскім. Пра што Вы гаворыце на такіх сустрэчах?

-- Галоўнае пытаньне - гэта будучыня, што будзе на першым месцы: правы чалавека, свабода, дэмакратызацыя грамадзтва. Па гэтых пунктах будзе весьціся гандаль. Нас гэта хвалюе. Што будзе на першым месцы!

-- Менавіта Вы сталіся фармальнай падставай для адмены санкцыяй супраць А. Лукашэнкі й ягонай каманды, дакладней, вашае вызваленьне. Вам не здаецца дзіўным, што санкцыі скасавалі супраць асобы, якая раздавала загады, а супраць тых, хто іх выконваў - захаваліся?

-- Што датычыць майго асабістага меркаваньня: санкцыі былі ўведзеныя па нейкіх прычынах: хтосьці зьбіваў людзей, хтосьці няправільна судзіў, хтосьці несумленна праводзіў выбары, а хтосьці забіваў. Трэба было ўстанаўліваць прычыны, па якіх санкцыі ўводзіліся, а пазьней здымаць. Эўрапейцы вырашылі трошкі інакш: яны зрабілі вялікі аванс беларускаму палітычнаму рэжыму. Як сказала Бэніта Фэрэра-Вальднэр: "Гэта гістарычны шанец для Беларусі. Альбо ісьці па цывілізаваным шляху, альбо, як сказаў Аляксандар Рыгоравіч - "я сваю краіну за цывілазаваным сьветам не павяду".

-- Думаеце, што зараз павядзе?

-- Мы заўсёды маем такую надзею. Магчыма, Аляксандар Рыгоравіч стаміўся ад пастаянных войнаў, пошукаў ворагаў і, магчыма, да яго ўжо дайшло, што каапэрацыя й супрацоўніцтва - гэта найбольш аптымальны шлях разьвіцьця дзяржавы. Можа, у яго зьявяцца стратэгічныя бачаньні разьвіцьця сваёй дзяржавы. Вельмі хочацца на гэта разьлічваць. І эўрапейцы на гэта надзеяцца, але трэба разумець, зь кім маеш справу. Наш гегемон перш за ўсё клапоціцца пра захаваньне сваёй уласнай улады, а потым ён клапоціцца пра агульнае дабро й дзяржавы, народу. Хацелася б, каб гэта разумелі і ў рашэньнях дабіваліся канкрэктных крокаў і дзеяньняў з боку уладаў Беларусі: зьмены выбарчага заканадаўства, свабоды СМІ, магчымасьці рэгістрацыі й актыўнага дзеяньня грамадзкіх арганізацый і палітычных партый, а таксама адмены артыкулаў КК, на падставе якіх людзей перасьледуюць за іх палітычныя погляды. Вось гэта галоўныя аспэкты таго, ці мяняецца ўлада, і ці зьявіўся новы твар у Лукашэнкі.

-- Вашае вызваленьне сьведчыць аб тым, што гэты твар трошкі зьмяніўся...

-- Заўважце, што зьмяніўся толькі касмэтычна. Гэта фасадныя зьмены, а ўнутраных зьменаў няма. Вызваленьне палітвязьняў ня сьведчыць пра тое, што інстытут палітзьняволеньня зачынены. Цалкам верагодна, што заўтра адносіны зьменяцца й зьявяцца новыя палітвязьні. Важна шукаць прычыны зьяўленьня палітвязьняў і ліквідаваць іх.

-- Каб зьмены адбыліся, павінны быць канкрэтныя адносіны, на ўзроўні тэхнічных груп, а таксама на вышэйшым узроўні. Ці павінны заходнія лідэры прымаць Аляксандра Лукашэнку?

-- Вельмі важна, каб падчас усіх гэтых сустрэчаў было месца й для апазыцыі. Калі гэта будзе трыялёг, а не дыялёг, тады ўсё будзе працаваць у добрым накірунку. Калі гэтага ня будзе, тады будзе адбывацца звычайны гандаль. У тым ліку нашымі правамі, свабодамі, а ўрэшце й нашым жыцьцём.

-- Якая роля Аляксандра Казуліна будзе ва ўсім гэтым?

-- Мне патрэбны нейкі час, каб я знайшоў сваё месца ў грамадзтве. Я такі самы, як і кожны грамадзянін Беларусі. Тое, што здарылася з маёй сям'ёй, здараецца з многімі беларусамі. Трэба змагацца за кожную сям'ю, за кожнага грамадзяніна, за зьмену іх адносін да жыцьця.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках