Расея падвышае цану на газ для Беларусі да 250 даляраў
11- 2.10.2008, 10:38
Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў не выключае, што цана расейскага газу для Беларусі ў 2009 годзе можа скласці каля $250 за тысячу кубаметраў.
"Калі груба па формуле зараз прыкінуць, дык цана газу для Беларусі атрымліваецца каля $250 за 1 тыс. куб. м", - сказаў А.Сурыкаў агенцтву "Интерфакс-Запад" у Менску.
Ён нагадаў, што пазіцыя расейскага боку пры правядзенні газавых перамоваў "даўно вызначаная". "Чатырохгадовы кантракт быў падпісаны ў снежні 2006 года, а ў снежні 2007 года быў падпісаны двухбаковы мемарандум як падмурак палітычных дзеянняў. Гэтыя два дакументы зафіксавалі гаспадарчы і палітычны складнікі ў двухбаковых адносінах", - сказаў А.Сурыкаў.
Ён нагадаў, што ў адпаведнасці з кантрактам цана газу для Беларусі ў 2009 годзе складзе 80% ад цаны паставак газу ў Польшчу за вылікам экспартнай мытнай пошліны ў памеры 30%, у цане таксама ўлічваецца розніца паміж коштам транзіту газу ў Польшчу і транзіту газу ў Беларусь. "Якая канкрэтна цана газу для Беларусі будзе ў 2009 годзе, зараз сказаць складана", - падкрэсліў амбасадар. Пры гэтым, каментуючы закладзеную ў бюджэт Беларусі цану газу на 2009 год на ўзроўні $140 за 1 тыс. куб. м А.Сурыкаў адзначыў, што "гэта права любой дзяржавы, якую цану закладваць у расходную частку бюджэту, значыць, будуць адшуканыя нейкія рэсурсы для стабілізацыі".
Ён таксама паведаміў, што з 1 кастрычніка 2008 года цана на газ для Беларусі не будзе змяняцца, паколькі ў адпаведнасці з раней дасягнутымі дамоўленасцямі цана паставак газу ў Беларусь на працягу году можа змяняцца толькі адзін раз па выніках I квартала і павялічвацца не больш чым на 10%.
Як паведамлялася раней, з 1 красавіка 2008 года Беларусь плаціць $129 за 1 тыс. куб. м расейскага газу супраць $119 за 1 тыс. куб. м з 1 студзеня 2008 года. Пастаўкі расейскага газу ў Беларусь у 2008 годзе складуць 21,2 млрд куб. м, на 2009 год беларускі бок запрашвае 21,6 млрд куб. м газу.