Лукашэнка паклікаў Маісеева праспяваць за Беларусь на «Еўрабачанні»?
22- 22.10.2008, 9:28
Расейскі таблоідны відэапартал Life.ru паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка асабіста прапанаваў заслужанаму артысту Расеі, ураджэнцу Магілёва Барысу Маісееву абараняць гонар Беларусі на «Еўрабачанні-2009», якое пройдзе вясной наступнага года ў Маскве.
Такім чынам, Барыса Маісеева зараз можна лічыць нараўне з мянчучкай, удзельніцай расейскай "Фабрыкі зорак-7" Дакотай (Маргарытай Герасімовіч) адным з фаварытаў беларускага адбору да гэтага песеннага конкурсу.
Сайт «Мы» датэлефанаваўся да артыста, і ён заявіў: «А чаму б і не? Беларусь - мая Радзіма!» А вось каментаваць інфармацыю аб тым, што праспяваць за нашу краіну яго асабіста запрасіў Аляксандр Лукашэнка, Барыс Маісееў ніяк не стаў.
Спявак кажа, што на дадзены момант яму паступіла некалькі прапановаў ад розных краін прадстаўляць іх на «Еўрабачанні». Па ягоных словах, гэта могуць быць Расея, Беларусь або Ўкраіна.
З якой песняй можа выступіць артыст на "Еўрабачанні" за Беларусь - невядома. А вось ягоны апошні хіт – «Юродзівы».