Беларускаму рэжысёру Ігару Дабралюбаву -- 75 гадоў
2- 22.10.2008, 11:30
22 кастрычніка споўнілася 75 год кінарэжысёру, народнаму артысту Беларусі, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі, прафесару Ігару Дабралюбаву.
У інтэрв'ю БелаПАН вучань І.Дабралюбава, кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі адзначыў, што шматлікія маладыя кінарэжысёры знайшлі свой прафесійны шлях у кіно дзякуючы творчасці свайго настаўніка, які валодае яркім настаўніцкім талентам. "Гаворка ідзе аб такіх культавых карцінах Ігара Дабралюбава, як "Іван Макаравіч" і "Белыя росы", — сказаў Ю.Хашчавацкі. Па ягоным меркаванні, хвароба, якая прыкавала І.Дабралюбава да ложка, выкліканая тым, што "у апошнія гады гэтага выбітнога рэжысёра фактычна адлучылі ад кіно". "Яму не давалі здымаць таго, што ён хацеў. А марыў ён зняць фільм па творах народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і шмат год за гэта змагаўся", — сказаў Ю.Хашчавацкі. Ён пажадаў здароўя юбіляру і ягонай сям'і, а таксама цуда, якое магло б дазволіць І.Дабралюбаву здымаць новыя фільмы.
Пасля заканчэння Беларускага дзяржуніверсітэта і Ўсесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі І.Дабралюбаў з 1962 года працаваў на кінастудыі "Беларусьфільм"; з 1992 года — прафесар, загадчык кафедрай Інстытута сучасных ведаў у Менску.
Ягоныя фільмы адзначаныя шматлікімі прызамі на ўсесаюзных і міжнародных кінафестывалях. Так, стужка "Іван Макаравіч" атрымала прыз "Срэбная Мінерва" XXII міжнароднага кінафэсту ў Венецыі (Італія) і прэмію камсамола Беларусі, фільм "Расклад на паслязаўтра" — прыз на Міжнародным кінафестывалі ў Хіхоне (Іспанія), а стужка "Белыя росы" — прыз гледачоў "Лепшая камедыя года" па апытанні часопіса "Савецкі экран".