У рэйтынгу свабоды слова Беларусь стаіць паміж Самалі і Еменам
- 22.10.2008, 11:43
Міжнародная арганізацыя Reporters Without Borders апублікавала штогадовы рэйтынг свабоды слова ў свеце.
Са 173 краін, якія ўвайшлі ў спіс, Беларусь заняла 154-е месца і размясцілася паміж Самалі (153-е месца) і Еменам (155-е месца). Замыкаюць рэйтынг Эрытрэя, Паўночная Карэя і Туркменістан.
Паводле дадзеных Reporters Without Borders, з краін былога СССР лепш за ўсё сітуацыя са свабодай слова ідзе ў Эстоніі, якая заняла чацвёртую пазіцыю. На сёмым месцы знаходзіцца Латвія, на 17 – Літва, перадае «Тэлеграф».
Расея апярэдзіла Беларусь на 13 пазіцый і займае 141-е месца ў рэйтынгу. Украіну эксперты размясцілі на 87-м месцы.
Па версіі Reporters Without Borders, сітуацыя са свабодай слова ў параўнанні з Беларуссю ідзе лепш у такіх краінах, як Пакістан (152-е месца), Зімбабвэ (151), Свазілэнд (147), Руанда (145), Эфіопія (142), Непал (138), Нігерыя (131).
Пазіцыю лідэра ў рэйтынгу займае Ісландыя. За ёй размясціліся Люксембург, Нарвегія, Эстонія і Фінляндыя.
У параўнанні з леташнім рэйтынгам Беларусь апусцілася на тры пазіцыі. Лідэр і аўтсайдары спісу Reporters Without Borders у параўнанні з 2007 годам не змяніліся.