23 красавiка 2024, aўторак, 20:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хімзавод у Дружным будуюць па ночах

7

Абаронцы пасёлку Дружны ізноў гатовыя выйсьці на вуліцы. У іхняй мясцовасьці расейская кампанія “Аўгуст-Бел”, нягледзячы на пратэсты, ўсё ж працягвае будаваць хімзавод.

Жыхары паселку таксама хочуць стварыць усебеларускую экалягічную арганізацыю. Першая экалягічная канфэрэнцыя з удзелам навукоўцаў і абласной грамадзкасьці ўжо адбылася ў Менску. Значную частку прысутных на ёй склалі ініцыятары стварэньня агульнабеларускай грамадзкай арганізацыі, жыхары Дружнага, якія змагаюцца супраць будаўніцтва хімзаводу ў іхняй мясцовасьці, паведамляе “Радыё Свабода”.

“Апошнім часам адбываецца шмат нэгатыўных экалягічных зьяваў. І мы вінныя былі, пэўна, апынуцца ў такой сытуацыі, у якой мы апынуліся ў справе будаўніцтва хімзаводу. Гэта вельмі нечакана паставіла нас у небясьпечнае становішча і прымусіла прачнуцца. Мы ўсе зразумелі, што гэта трэба рабіць. Таму нават падчас гэтай сустрэчы мы вырашылі, што неабходна наш досьвед перадаць у рэгіёны, каб мы навучыліся адно аднаму дапамагаць”, - тлумачыць мэту ініцыятывы жыхарка пасёлку Алена Буткоўская.

Адначасна ў Дружным мясцовыя ўлады і адміністрацыі прадпрыемстваў працягваюць ціснуць на актывістаў, якія супрацьстаяць будаўніцтву расейскага хімзаводу. Адна зь іх, інжынэр ЦЭЦ-5 Тацяна Рысевец, праз суд дамаглася скасаваньня спагнаньня, ускладзенага на яе адміністрацыяй прадпрыемства. Аднак яна была вымушаная звольніцца.

“Мяне папярэдзілі людзі з аховы, што ім дадзеная каманда адсочваць кожны мой крок і паведамляць дырэктару. Што ўжо ёсьць людзі, якія мяне “здадуць”. У такіх умовах працаваць немагчыма. І ўсе зараз скардзяцца, калі мяне сустракаюць, што немагчымы маральны клімат, неверагодны ціск кіраўніцтва, і гэта людзям вельмі цяжка. Я лічу, што Бог і час усё расставяць на свае месцы, і ўсе атрымаюць паводле заслужанага. У тым ліку і наш дырэктар”, - так патлумачыла сытуацыю Тацяна Рысевец.

Адзін з актывістаў Дружнага Сяргей Абразоўскі паведамляе, што завод у пасёлку будуецца – прычым па начах.

“Робяць гэта, як злодзеі. І становішча вакол гэтай сытуацыі напальваецца, бо людзі бачаць, што улады ігнаруюць іх меркаваньне і бясьпеку. Людзі ізноў гатовыя выйсьці на вуліцы. Мы стрымліваем гэтыя настроі, бо хочам накіраваць некалькі пазоваў у суд. Калі ж гэтыя пазовы будуць адхіленыя, то мы больш нікога стрымліваць ня будзем. Няхай будзе што будзе”, - кажа Сяргей Абразоўскі.

Нагадаем, будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачала расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслач, Рудзенск, Дукора й іншых паселішчаў. Яны зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстутыцыйны суд, пракуратуру, урад краіны і непасрэдна да Аляксандра Лукашэнкі. За ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах шэраг актывістаў пакараныя буйнымі штрафамі, атрымалі папярэджаньні пракуратуры, былі звольненыя з працы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках