9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іосіф Сярэдзіч: «Складваецца сытуацыя, што журналістам будуць створаныя невыносныя ўмовы»

5

Праз паўгоду ў Беларусі пачне дзейнічаць жорсткі закон аб абароне інфармацыі. «Савет рэспублікі» ўхваліў адпаведны законапраект, прыняты раней ніжэйшай «палатай» «парлямэнту». На думку экспэртаў, закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі й абароне інфармацыі» усталёўвае татальны кантроль над усімі плынямі інфармацыі ў краіне.

Аўтары закону лічаць, што Беларусі неабходная рэглямэнтацыя парадку доступу грамадзянаў да інфармацыі, паведамляе “Польскае радыё”.

«Інфармацыйная вайна мае большую сілу, чым любая агнявая вайна. Таму нам патрэбны такі закон, неабходна апрацаваць схэму інфармацыйнай бясьпекі», - заявіў «дэпутат» Сяргей Касьцян.

«Дэпутат» адмовіўся ўдакладніць, якая гэта схэма, спаслаўшыся на дзяржаўную таямніцу. Цяпер спасылка на дзяржаўную таямніцу можа быць зроблена практычна пры любым відзе інфармацыі, якую, на думку ўладаў, грамадзянам ведаць “немэтазгодна”. А юрыст Міхаіл Пастухоў гаворыць, што пасьля ўвядзеньня закону дзяржава практычна стане манапалістам на інфармацыю.

“Частка інфармацыі будзе фактычна выведзена з грамадзкага карыстаньня. Уводзіцца для гэтага спэцыяльнае паняцьце "інфармацыя абмежаванага доступу", уводзіцца шмат ступеняў для клясыфікацыі інфармацыі. Уладальнікам практычна ўсёй інфармацыі становіцца дзяржава. Гэта, магчыма, першы выпадак у свеце, калі дзяржава будзе манапалістам інфармацыі. Дзяржаўныя органы будуць даваць дазвол на карыстаньне той ці іншай інфармацыяй. Гэта значна абмяжоўвае свабоду інфармацыі, у тым ліку й праз інтэрнэт”, - тлумачыць юрыст.

Міхаіл Пастухоў дадаў, што юрысты БАЖ не аднойчы зьвярталі ўвагу на недакладнасьці, якія ёсьць у законе, накіроўвалі свае заўвагі й прапановы, але ніводная зь іх не была ўзятая пад увагу.

Беларусь лічыцца адной з самых рэпрэсіўных краінаў, калі гавора ідзе пра доступ да праўдзівай інфармацыі. Закон аб бясьпецы інфармацыі яшчэ больш ускладніць пытаньне. Але праблема нават не ў самім законе, а ў тым, што краіна жыве не па законах. Галоўны рэдактар незалежнага выданьня “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч лічыць, што журналістам немагчыма працаваць, незалежна ад таго, якія законы прымаюцца.

“Складваецца наогул сытуацыя ў краіне, што нам, журналістам, будуць створаныя невыносныя ўмовы наогул. Яны ўжо створаныя. І мне сёньня, як выдаўцу, як рэдактару, няма ніякай розьніцы, хоць 100 законаў няхай прымаюць. Нармальна працаваць немагчыма. Нічога ня дасьць, нават калі ўсе законы адменяць. У нас жа краіна жыве не па законах. Калі б яна жыла па законах, нават самых дрэнных, было б лягчэй выжываць, чым сёньня. Законы самі па сабе існуюць, а жыцьё само па сабе ідзе. Беззаконьне кіруе краінай”, - сказаў Іосіф Сярэдзіч.

Жыхары постсавецкіх краінаў яшчэ памятаюць часы Савецкага Саюзу, калі галоўнай крыніцай інфармацыі былі чуткі, шаптаныя зьвесткі, пачутыя ў тралейбусе або ў суседзяў на кухне. Інфармацыя, сапраўдная ці выдуманая, заўсёды знойдзе шлях, каб прасачыцца да людзей. Калі няма доступу да незалежных СМІ, то валадарыць каралеўства чутак.

Найлепшы таму прыклад – здарэньне апошніх дзён у Расеі, калі журналісцкая качка, запушчаная на адзін з грузінскіх парталаў пра магчымую дэвальвацыю рубля, выклікала паніку ў краіне. Людзі пачалі забіраць свае грошы з банкаў, курс рубля сапраўды ўпаў. Чыноўнікам можа здавацца, што, утойваючы інфармацыю пра нэгатыўныя падзеі, яны супакояць грамадзян, але вынік атрымліваецца адваротны. Грамадзяне павінны давяраць сваёй дзяржаве, зьвяртае ўвагу Міхаіл Пастухоў.

“На самой справе дзяржава зацікаўлена ў тым, каб нейкую інфармацыю не даводзіць да грамадзян, каб іх супакоіць. Але я лічу, што рацыя ў тым, каб аказваць давер грамадзянам, каб яны ведалі, што адбываецца на самой справе. Гэта гарантуе Канстытуцыя, так робіцца ва ўсім сьвеце. Калі штосьці здарыцца, усе пра гэта павінны ведаць. А ў нас гэта адразу стане дяржаўнай таямніцай. Дзяржава будзе ўтойваць ад грамадзтва значную частку інфармацыі. У гэтым законе вызначаецца цэлая сыстэма органаў, якія будуць забясьпечваць бясьпеку інфармацыі. І галоўным такім органам стане Дзяржаўны цэнтар бясьпекі інфармацыі пры прэзыдэнце РБ”, - кажа Міхаіл Пастухоў.

Міхаіл Пастухоў, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду, зьвяртае ўвагу на тое, што закон аб інфармацыі парушае два артыкулы беларускай Канстытуцыі, якія даюць права на свабоду слова й свабоду інфармацыі. Ён пярэчыць таксама міжнародным стандартам.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках