23 красавiка 2024, aўторак, 23:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Парсюкевіч: «Прадпрымальнікі напрыканцы году згубяць усё»

14

Былы палітзняволены Сяргей Парсюкевіч лічыць, што самае страшнае ў прадпрымальніцкай дзейнасці - гэта ціск з боку дзяржавы.

Сяргей Парсюкевіч да таго, як распачаць сваю прадпрымальніцкую дзейнасьць, працаваў у праваахоўных органах.

“Трэба было неяк зарабляць на жыццё, я так падумаў, што сама нармалёвы і хуткі спосаб патрапіць у патрэбную каляіну – гэта стаць прадпрымальнікам. Ну і атрымалася. Праўда, спачатку пашукаў сваю тэму”, - тлумачыць былы палітвязень у інтэрв’ю «Радыя Рацыя».

За свой багаты досьвед прадпрымальніцкай дзейнасці Сяргей Парсюкевіч сутыкнуўся з усімі тымі прафэсійнымі праблемамі, што і іншыя прадпрымальнікі краіны.

“Калі я яшчэ не быў прадпрымальнікам, працаваў у міліцыі, калі-нікалі праязджаў побач з рынкамі і бачыў, што яны страйкуюць. Думаў, што такое, што гэта людзям можа не падабацца? Не жадаюць працаваць. І сама цікавае, у мяне зноў паўстае пытанне: дык чаму тады рынкі страйкавалі? Таму што тыя праблемы, у параўнанні з сённяшнімі, яны сапраўды праблемамі не былі. А зараз рынкі цяжка вывесці на страйкі. І гэта таксама праблема прадпрымальнікаў. Сама страшнае ў прадпрымальніцкай дзейнасці – гэта ціск з боку дзяржавы, гэта спроба ў прынцыпе знішчыць прадпрымальнікаў як клас і ўзяць усё пад свой кантроль, у свае рукі. Адсюль усе праблемы і паўстаюць”, - сцвярджае былы палітзняволены.

Нягледзячы на ўсе цяжкасьці, Сяргей Парсюкевіч заняў актыўную пазіцыю ў адстойванні сваіх правоў як прадпрымальніка.

“Я ў прынцыпе не люблю розную несправядлівасць, няпраўду і ўсё, што з гэтым звязана. І я такі чалавек, што сваю думку не трымаю ў кішэні – я яе выказваю. Я ўсё такі кадравы афіцэр, ваяр, і я заўжды па жыцці абараняў людзей і свае інтарэсы. Таму я не магу сядзець у кустах, калі трэба вырашаць пытанні”, - кажа прадпрымальнік.

Пасля акцыі прадпрымальнікаў Сяргея Парсюкевіча затрымалі, змясцілі ў СІЗА і асудзілі на 2,5 гады зняволення. Ён сутыкнуліся з судовай сістэмай ужо знутры.

“Справа ў тым, што яна гэтак сама дэградуе, як і ўсё астатняе ў краіне. Калі я быў пры пагонах, працаваў у міліцыі, праўда, у мяне служба была іншая, я быў экспертам-крыміналістам… менавіта тое, з чым мне выпала сутыкнуцца… у мяне пакінула глыбокае ўражанне. Але тут трэба даваць папраўку, што гэта замоўленая справа, гэта не справа нейкага чалавека, які скраў курыцу ў суседкі. Там такого “беспредела” няма. У маёй справы была замова. Рабілася так, як ім было патрэбна, як было загадана”, - падкрэслівае былы палітзняволены.

Прадпрымальнік зьвязвае сваё вызваленьне з працай лорда Бэла па паляпшэньню іміджа беларускага кіраўніка.

“17-га я даведаўся, што вызвалілі Казуліна, а 20-га… я якраз выйшаў пасля каранціну на працу, я два каранціны паспеў за гэта час прайсці, да абеду папрацаваў, прыйшоў зноў на вытворчасць, мне сказалі: цябе выклікае начальнік калоніі. Я быў на 99 адсоткаў упэўнены – з якой нагоды. Прыйшоў і пачуў: я свабодны, ёсць указ аб памілаванні, ідзіце, збірайце рэчы, толькі каб усё было ціха. Ясна, што схаваць гэта ад людзей было немагчыма. Людзі радаваліся, падтрымлівалі. Прышлося збірацца вельмі хутка, начальнік калоніі мне даў паўгадзіны. А прыбеглі за мной мінут праз 10. Я нават не паспеў сабраць свае рэчы”, - узгадвае Сяргей Парсюкевіч.

Але ён ня лічыць сваё вызваленьне “крокам да лібералізацыі” рэжыму Лукашэнкі.

“Судзімасць не знятая. Мая жонка асабіста распісалася за пісьмо з суда, па якому мне, аказваецца, трэба выплачваць гаспадзіну Дулубу зыск. Што гучыць абсурдна, бо чалавек парушыў закон, а яму за гэта яшчэ грошы трэба плаціць. Права нонсэс. Акрамя ўсяго іншага, мяне пазбавілі сродкаў існавання: я пазбаўлены ліцэнзіі, у мяне няма месца на рынку. Працаваць прадпрымальнікам на гэты момант я не магу. І маю пенсію з МЗС парэзалі. Апошні раз я атрымаў 300 тысяч”, - тлумачыць былы палітвязень.

На ягоную думку, рух прадпрымальніцтва ня грае вялікай ролі ў дэмакратызацыі Беларусі, нягледзячы на пратэсты ў пачатку года.

“Я лічу, што асабліва нічога мы не паказалі, таму што масавасці мы не дасягнулі. Чаму я так гавару: у Менску каля 50 тысяч прадпрымальнікаў, а ў акцыі ўдзельнічала ўсяго каля 5 тысяч чалавек. Ці гэта масавасць? А тое, што людзі былі настроены агрэсіўна, дык гэта зразумела. Я думаю, што пад канец гэтага году і на пачатку наступнага, магчыма, усё будзе значна сур’ёзней. Таму што, калі тады людзі гублялі частку бізнэсу, дык з студзеня 2009 году асноўная маса прадпрымальнікаў малога бізнэсу губляе ўсё. Я мяркую, што людзі рэальна могуць выйсці на Плошчу, і не толькі ў Менску. Усё ідзе да таго, што так яно і адбудзецца”, - заўважае Сяргей Парсюкевіч.

Нагадаем, лідэр прадпрымальніцкага руху Сяргей Парсюкевіч быў асуджаным на 2,5 год зняволення за ўдзел у мітынгу пратэсту 10 студзеня і за тое, што нібыта збіў супрацоўніка менскага ізалятара часовага ўтрымання Аляксандра Дулубу ў той час, як адбываў там адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў і трымаў восьмы дзень галадоўку. Сам Парсюкевіч сцвярджаў у судзе, што насамрэч міліцыянты жорстка збілі яго.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках