У Сербіі скандал: «Газпром» падкупляў палітыкаў
2- 24.10.2008, 13:56
У Сербіі разгараецца гучны скандал, звязаны з пастаўкамі ў рэспубліку расейскага газу.
У цэнтры яго апынулася фірма-пасярэднік у газавых пагадненнях паміж двюма краінамі — кантраляваная «Газпромам» фірма «Югарасгаз», якая атрымлівае штогадовую камісію ў памеры 35 млн еўра.
Як высветлілася, прадстаўнік сербскага боку самавольна падпісаў кантракт з фірмай, дзе ён жа займае пост віцэ-прэзідэнта, піша «Коммерсант»
Гаворка ідзе аб створаным яшчэ ў 1996 годзе СП «Югарасгаз», 75% акцыяў якога зараз належыць «Газпрому», астатняе — сербскім кампаніям. У апошнія дні прадпрыемства стала аб'ектам нападак з боку шэрагу мясцовых партыяў і палітыкаў, якія абвінавачваюць газавага аператара ў прысваенні занадта высокай маржы за пасярэдніцкія паслугі.
Як адзначае выданне, скандал ініцыявала падпісанне на мінулым тыдні ў Маскве штогадовага пратаколу да расейска-сербскай газавай дамовы, які прадугледжвае пастаўкі ў Сербію ў 2009 годзе 2390 млн кубаметраў газу на суму 700 млн еўра. Ад імя Бялграда пратакол 14 кастрычніка падпісаў в. а. дырэктара фірмы Srbijagas Саша Іліч.
І хаця аналагічны дакумент расейскі і сербскі бакі падпісваюць увосень штогод, на гэты раз гэта вылілася ў Сербіі ў буйны скандал, у які апынуліся ўцягнутымі чальцы ўрада, а многія сербскія палітыкі запатрабавалі ад уладаў «пакласці канец газавай мафіі».
Srbijagas — нацыянальны дыстрыб’ютар газу і партнёр «Газпрома», а Іліч быў апошнім з гендырэктараў буйных прадпрыемстваў, якія прызначаліся ўрадам ранейшага складу па квоце Дэмакратычнай партыі Сербіі, што апынулася цяпер у апазіцыі.
Падпісаны пратакол выклікаў у Сербіі нямала пытанняў. Па-першае, выявілася, што Саша Іліч падпісаў дакумент без ўзгаднення з праўленнем Srbijagas. Больш за тое, ён наогул меў паўнамоцтвы самастойна заключаць дамовы толькі на суму 2 млн еўра, а кошт пытання маскоўскага пратаколу перавышае яе ў 350 разоў.
Па-другое, дамову Іліч падпісаў не наўпрост з «Газпромам», а з пасярэднікам — фірмай «Югарасгаз», якая за свае паслугі атрымае 5% камісійных, а гэта 35 млн еўра. І нарэшце, высветлілася, што Іліч акрамя дырэктарскага крэсла ў фірме Srbijagas займае па сумяшчальніцтве яшчэ і пасаду віцэ-прэзідэнта «Югарасгаза». Атрымлівалася, што дамову ён падпісаў, па сутнасці, сам з сабой.
Плюс да гэтага візіт Сашы Іліча ў Маскву быў ахутаны заслонай сакрэтнасці. Ва ўсялякім выпадку, амбасада Сербіі ў РФ не мела да яго арганізацыі ніякага дачынення.
Пасля апублікавання ў Бялградзе ўсёй гэтай інфармацыі Сашы Ілічу прыйшлося апраўдвацца. Паводле яго словаў, са зместам пратакола былі азнаёмленыя міністр энергетыкі Сербіі Петар Шкундрыч, а таксама в. а. старшыні праўлення Srbijagas Прэдраг Гргіч (абодва гэтае сцвярджэнне абверглі). Акрамя таго, заявіў Іліч, аналагічныя пратаколы падпісваў і яго папярэднік.